Талісман Дня беларускага пісьменства ў Слоніме пазычылі з інтэрнэту

Талісман Дня беларускага пісьменства ў Слоніме пазычылі з інтэрнэту

У Слоніме прыдумалі вясёлы талісман да Дня беларускага пісьменства. Да выявы льва, узятай з інтэрнэту, прыфаташопілі карону і пяро. Мясцовыя ўлады зацвердзілі лагатып, піша "Наша ніва".

Стваральніцай лагатыпу стала справавод з ясляў-садка №14 Алена Лойка. Яна распавяла журналістам: "Не ведаю, ці былі канкурэнты. Я свой варыянт адправіла, і яго прынялі. Льва выбрала, бо ён жа на гербе Слоніма. Праўда, спачатку сказалі перарабіць, бо нібыта надта мульцяшны. Я перарабіла, але першы варыянт, напэўна, спадабаўся больш, бо яго і пакінулі".

Жанчына прызнаецца, што выяву льва знайшла ў інтэрнэце, потым прыфаташопіла да яго карону, пяро і пару надпісаў.

Інтэрнэт-карыстальнікі ў сацсетках сталі крытыкаваць выяву. На гэта ім адказала намесніца начальніка аддзела ідэалогіі Слонімскага райвынкама Наталлі Грасевіч: "Разумнікі, чаму не ўдзельнічалі ў конкурсе на распрацоўку талісмана, гэта раз! А вызначана было львяня як сувязь з гербам горада. І наогул, цуд—каментатары, а што вы зрабілі для горада да Дня пісьменства, акрамя вечнай незадаволенасці ў сетках. Калі шчыра, дасталі да ванітаў!"

Леў атрымаў імя Лявон. Як паведаміла намесніца старшыні Слонімскага райвыканкама Тарэса Юшкевіч, да свята пашыюць тры роставыя лялькі Лявона. Яны будуць запрашаць гасцей на падворкі, гуляць з дзецьмі, з імі можна будзе сфатаграфавацца. Таксама талісман будзе ўжывацца на рэкламнай і сувенірнай прадукцыі свята нароўні з агульным лагатыпам Дня беларускага пісьменства. 

Дарэчы, менавіта гэтую выяву льва цікаўныя знайшлі на сайце нямецкай моладзевай арганізацыі FKF Jugend: немцы таксама выкарыстоўваюць яе ў якасці свайго сімвала. 

Талісман Дня беларускага пісьменства ў Слоніме пазычылі з інтэрнэту
Так выглядае сімвал Дня беларускага пісьменства ў Слоніме...
Талісман Дня беларускага пісьменства ў Слоніме пазычылі з інтэрнэту
...а так — яго "брат" з сайта нямецкай моладзевай арганізацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі