Таццяна Караткевіч хоча ўзяць час на БТ, не выкарыстаны Лукашэнкам

Таццяна Караткевіч хоча ўзяць час на БТ, не выкарыстаны Лукашэнкам

Кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч просіць Цэнтрвыбаркам даць ёй час для выступу па тэлебачанні, які не скарыстаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра гэта ў каментары Радыё "Свабода" распавёў прадстаўнік кандыдаткі ў ЦВК Ігар Лялькоў. Па яго словах, Караткевіч хоча выступіць менавіта па тэлевізіі, бо выступ па радыё для яе не вельмі істотны. Яна просіць гадзіну эфірнага часу — столькі, колькі не выкарыстаў кандыдат Лукашэнка.

"Матывуе гэта тым, што мала даюць часу для агітацыі па тэлебачанні, між тым трэба абмеркаваць шмат праблемаў. Цалкам з гэтым згодны. У нармальнай краіне кандыдаты ў прэзідэнты не "вылазяць“ з ТВ, а ў нас — усяго гадзіна на ўсю агітацыйную кампанію. І людзі кажуць, што гэтага мала, асабліва пасля апошняга выступу шмат такіх заўваг", — адзначыў Лялькоў.

Адказу ад ЦВК штаб кандыдаткі чакае ў панядзелак. Дарэчы, штаб Караткевіч не супраць падзяліць час, не выкарыстаны Лукашэнкам, на ўсіх астатніх кандыдатаў. Але яны не чулі, ці былі аналагічныя прапановы ад іншых кандыдатаў.

Нагадаем, што Лукашэнка не скарыстаў кандыдацкія выступы па радыё і тэлевізіі. 25 верасня ў Жлобіне ён заявіў, што можа падараваць свой час іншым кандыдатам, калі ім трэба. Таксама Лукашэнка заявіў, што можа звярнуцца да беларусаў напярэдадні галасавання.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі