Суздальцаў: У Беларусі лічаць, што ЕАЭС рэальна пагражае ўладзе Лукашэнкі

Былы прэм'ер Беларусі, а цяпер кіраўнік Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч 23 красавіка выступіў з нечаканай заявай. Ён паведаміў, што ў сённяшніх умовах увядзенне адзінай валюты ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза пагражае суверэнітэту Беларусі. На яго думку, валютную інтэграцыю варта праводзіць пасля выраўноўвання ўмоваў гаспадарання ў краінах ЕАЭС.

Мясніковіч: Адзіная валюта ў цяперашняй сітуацыі пагражае суверэнітэту

Еўрарадыё звярнулася да маскоўскага палітолага Андрэя Суздальцава з просьбай пракаментаваць словы Мясніковіча.

Валютная інтэграцыя і валютны саюз — гэта першы этап палітычнай інтэграцыі. Адпаведна, рэформы, якія трэба праводзіць у выпадку саюзу, у кожным выпадку прывядуць да змены ўлады. І словы Мясніковіча, што адзіная валюта ў цяперашняй сітуацыі пагражае суверэнітэту Беларусі, — гэта сапраўдныя перасцярогі ўлады, лічыць Суздальцаў.

Суздальцаў: "Мясніковіч асцерагаецца таго, што калі мы пяройдзем да валютнага саюза, то эмісія адзінай валюты, квоты і г.д., змусяць беларускае кіраўніцтва прыступіць нарэшце да тэрміновых рэформаў. А ва ўмовах Беларусі глыбокія структурныя рэформы азначаюць змену палітычнага вектара і нават змену ўлады. Вось у чым справа. То бок, яны лічаць, што ЕАЭС рэальна пагражае уладзе Лукашэнкі".

Адпаведна, мяркуе палітолаг, бліжэйшым часам адзінай валюты ў краінах ЕАЭС чакаць не варта. Тым больш, што ў стварэнні адзінай валютнай зоны будзе задзейнічаная пераважна Расія, а Беларусь і Казахстан будуць атрымліваць з гэтага дывідэнды, кажа Суздальцаў.

Фота — ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі