Вы тут

Суд над палітзняволенай Сафіяй Сапегай зрабілі закрытым

Сафія Сапега / Фота з сацсетак

Суд над палітзняволенай Сафіяй Сапегай будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Пра гэта папрасіў пракурор, матываваўшы тым, што ў справе ёсць персанальныя звесткі сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў, а таксама "інфармацыя, якая носіць экстрэмісцкі характар". Суд задаволіў хадайніцтва.

Разгляд справы Сафіі Сапегі пачаўся 28 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе.

Дзяўчыну затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам — яны былі пасажырамі рэйса Ryanair Афіны — Вільня. Экіпаж борта вымусілі здзейсніць пасадку ў Мінску.

Сапега — грамадзянка Расіі. Першапачаткова яе абвінавацілі ў адміністраванні "экстрэмісцкага" тг-канала, у якім публікаваліся асабістыя звесткі беларускіх сілавікоў. Пазней стала вядома, што Сафіі прад'явілі абвінавачванне па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Сафія Сапега заключыла дасудовае пагадненне са следствам і напісала прашэнне аб памілаванні. У апошнія месяцы яна знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.