Мама Сафіі Сапега: хачу абняць сваё дзіця і сказаць, што гэта страшны сон

Сафія Сапега / фота з сацсетак
Сафія Сапега / фота з сацсетак

Расійскім дыпламатам упершыню з моманту затрымання Сафіі Сапега ў Нацыянальным аэрапорце Мінск удалося сустрэцца і пагаварыць з ёй.

— Расійскі консул з ёй сустракаўся. Сказаў нам, што яна нядрэнна трымаецца. Настрой і стан, вядома, крыху прыгнечаны. Але мы спадзяёмся, што яна вытрымае, — расказала Еўрарадыё Ганна Дудзіч, мама дзяўчыны.

У Сафіі — грамадзянства Расіі і беларускі від на жыхарства. Яе мама спадзяецца на дапамогу з боку расійскай амбасады і дзяржавы. Але нават пасля таго, як да Сафіі дапусцілі дыпламатаў, спакайней Ганне Дудзіч не стала.

— Калі б я сама яе асабіста ўбачыла, патрымала б яе руку ў сваёй руцэ... Але і тады мне не стала б спакойна. Пакуль маё дзіця там, я не магу быць спакойная. Хто б яе ні наведаў, як бы далей ні разгортваліся падзеі, як бы ні дапамагала консульства, адвакаты, я не буду спакойная, пакуль маё дзіця не апынецца на волі.

Мама Софии Сапеги: хочу обнять своего ребёнка и сказать, что это страшный сон
Галоўнае жаданне Ганны Дудзіч — абняць сваю дачку

Паводле звестак расійскага МЗС, Сапега падазраюць у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных некалькімі артыкуламі беларускага КК, у жніўні — верасні мінулага года. Абвінавачанні ёй, па звестках ведамства, пакуль не прад'яўленыя.

Яна мне сказала: мама, я вельмі закаханая

26 траўня бацькі Сафіі Сапега сабралі першую ў сваім жыцці перадачу ў СІЗА КДБ. Бацькі Сафіі жывуць у Лідзе. Правілаў СІЗА яны не ведалі. З дзвюх сумак, якія сабралі для дачкі, адну павезлі дадому. Сям'я ўсё жыццё жыла па-за палітыкай.

Мама Сафіі расказвае Еўрарадыё, што ведала, што дачка сустракаецца з Раманам Пратасевічам. Ведала і што ён быў рэдактарам тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім.

— У нас была з ёй размова, вядома, мы размаўлялі на гэту тэму. Але яна мне сказала: мама, я вельмі закаханая. Дый я прывыкла давяраць сваёй дачцэ. У 23 гады ўказваць, з кім ёй мець зносіны, а з кім не мець зносіны, было складана. Хоць гутаркі ў нас былі.

Калі Сафія разам з Раманам ляцела з Афін у Вільню, яе маці не думала, што дачка ў небяспецы. Пра тое, што борт прызямліўся ў Мінску, даведалася з навін.

— Калі даведаліся пра затрыманне Рамана, быў шок. Я разумела, што недзе побач знаходзіцца мая дачка. Сёння мне маральна лягчэй. Я ўвесь час сябе пераконваю ў тым, што трэба ўзяць сябе ў рукі. Мне проста нельга апускаць рукі, гэта не той момант. Мне трэба максімальна сабрацца, хоць гэта вельмі цяжка. Усё як у тумане. І ўсё гэта не з намі.
 

"Мама, я так хачу да цябе на ручкі"

Сафія — старэйшае дзіця ў сям'і. У яе ёсць малодшы брат, які цяпер цяжка перажывае затрыманне сястры.

— Яна з самага дзяцінства была дарослая. Адрознівалася ад сваіх аднагодкаў. І з яе вырасла цудоўная прыгожая дзяўчына. Яна вельмі цэльны чалавек, вельмі ўдумлівы, начытаны. Яна вельмі разумная дзяўчынка са сваім меркаваннем.

І ў той жа час — як маленькае дзіця. Калі ёй было дрэнна, яна тэлефанавала і казала: мама, я так хачу да цябе на ручкі. Цяпер галоўнае маё жаданне ў жыцці: абняць сваё дзіця, пасадзіць яе на ручкі і сказаць, што гэта страшны сон.

 

Пазіцыя Расіі

У Крамлі ад Сапегі спярша адхрышчваліся, але пазней паабяцалі рабіць усё магчымае, каб правы грамадзянкі РФ былі абароненыя.

"Улічваючы асаблівы характар нашых міждзяржаўных адносін, гэта абарона правоў можа ажыццяўляцца ў самых розных фарматах, у самых розных рэжымах", — сказаў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі