Вы тут

Суд адхіліў пазоў беларусаў супраць прапагандыста Канстанціна Прыдыбайлы

Канстанцін Прыдыбайла і Юрый Караеў (былы міністр унутраных спраў Беларусі), верасень 2020-га / Russia Today​​

Прыморскі раённы суд Санкт-Пецярбурга адмовіў грамадзянам Беларусі ў задавальненні пазову супраць супрацоўніка канала Russia Today Канстанціна Прыдыбайлы.

25 беларусаў падалі 3 лютага калектыўны пазоў аб абароне гонару і годнасці да расійскага прапагандыста RT Канстанціна Прыдыбайлы. Такім чынам яны адрэагавалі на словы Прыдыбайлы, якія прагучалі ў канцы 2020 года ў эфіры YouTube-канала "Салаўёў LIVE": "Беларусы тупыя, канкрэтна тупыя людзі. Палітычна непісьменныя". Ад прапагандыста патрабавалі абвергнуць гэтыя словы праз СМІ. Кожны з пазоўнікаў заявіў сімвалічную кампенсацыю маральнай шкоды — адзін расійскі рубель.

Канстанцін Прыдыбайла знаходзіўся ў Беларусі восенню 2020-га ў складзе "прапагандысцкага дэсанту" з Расіі. Ён крытыкаваў пратэсты ў нашай краіне, меў магчымасць задаваць пытанні Аляксандру Лукашэнку і ездзіць на машыне з тагачасным кіраўніком МУС Юрыем Караевым.

Як паведамляла Еўрарадыё, 48-гадовага мінчаніна Святаслава Лепешева асудзілі на 4 гады "хіміі" за пагрозу забойствам Канстанціну Прыдыбайлу і "распальванне нацыянальнай варожасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.