Мінчука асудзілі на 4 гады "хіміі" за пагрозы расійскаму прапагандысту

Мінчука асудзілі на 4 гады "хіміі" за пагрозы расійскаму прапагандысту

48-гадовага мінчука Святаслава Лепешава асудзілі на 4 гады абмежавання волі ("хіміі") з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу за пагрозу забойствам расійскаму прапагандысту Канстанціну Прыдыбайлу і "распальванне нацыянальнай варожасці". Рашэнне 12 жніўня вынес Мінскі гарадскі суд, суддзя — Пётр Арлоў, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Маргарыта Курыловіч. Працэс доўжыўся больш за два месяцы, паведамляе spring96.org.

У верасні 2020-га Лепешаў убачыў нумар тэлефона Прыдыбайлы ў Telegram, патэлефанаваў яму і сказаў: "Табе піздз*ц". У судзе прагучала, што пасля такой пагрозы прапагандыста ў мэтах бяспекі перавезлі ў расійскае пасольства ў Мінску. Што да "распальвання нацыянальнай варожасці", то следчыя знайшлі ў інтэрнэце каментары мінчука ад лістапада мінулага года наконт рускіх.

Канстанцін Прыдыбайла заявіў грамадзянскі пазоў у выглядзе 3 тысяч рублёў за "маральныя пакуты". Суд падтрымаў.

Святаслаў Лепешаў прызнаў віну часткова. Заявіў, што хацеў напалохаць Прыдыбайлу, таму што "ён даносіць людзям недакладную інфармацыю". Ён патлумачыў, што негатыўнага стаўлення да рускіх не мае, а на змест каментароў паўплываў эмацыйны стан.

Лепешаў быў пад падпіскай аб нявыездзе. Мужчына з'яўляецца выкладчыкам гурткоў экалогіі і інфармацыйных тэхналогій у рэлігійнай арганізацыі. Яго затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія прымусілі прасіць на відэа прабачэння ў прапагандыста.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі