Стрыжак: А раней Лукашэнка даручаў працаўладкаваць усіх да 1 траўня

Стрыжак: А раней Лукашэнка даручаў працаўладкаваць усіх да 1 траўня

Еўрарадыё: Кіраўніком краіны падпісаны абноўлены антыдармаедскі дэкрэт. Як вы лічыце, ці вырашыць гэта сітуацыю з беспрацоўем?

Стрыжак: Безумоўна, не. Аляксандр Лукашэнка ўжо і так раней заяўляў пра тое, што мы ўсе павінны быць працаўладкаваныя да 1 мая 2017 года. Але, як мы бачым, пытанне беспрацоўя як было, так і засталося. Дэкрэт, відавочна, носіць іншыя мэты.

Еўрарадыё: Якія?

Стрыжак: На мой погляд, дэкрэт, як і папярэдні дэкрэт №3, створаны, каб паспрабаваць прыцягнуць да ўдзелу ў эканоміцы людзей, якія ў ёй не занятыя. Але новы дэкрэт нідзе не расшыфроўвае, што гэта значыць, “чалавек, не заняты ў эканоміцы”.

Еўрарадыё: Я так разумею, гэта той, хто не працуе. Ведаю, што сітуацыя з працай ў рэгіёнах досыць складаная, і не заўсёды ўсе залежыць ад самога чалавека, бо працы проста няма.

Стрыжак: Безумоўна, так яно і ёсць. Калі мы ўважліва прачытаем дакумент, то ўбачым, што там напісана, што Савет Міністраў будзе фармаваць камісіі на месцах. Яны будуць вызначаць парадак залічэння людзей у шэраг тых, хто не заняты ў эканоміцы. Па-другое, на месцах будуць сфармаваныя камісіі, якія будуць вызначаць, ці залежыць ад чалавека, што ён не заняты ў эканоміцы. Але, гледзячы на саму фармулёўку, у эканоміцы заняты кожны чалавек: той хто ходзіць у краму, сплачвае падаткі на дадатковую вартасць, ездзіць на транспарце — ён так ці інакш удзельнічае ў эканоміцы. Паглядзім, якая фармулёўка будзе ў Саўміна. Бо мінулым разам фармулёўка, хто такі дармаед, была складзеная адразу ў самім дэкрэце, а цяпер гэтага няма.

Еўрарадыё: Было агучана, што нібыта той, каго прызнаюць дармаедам, не будзе плаціць падатак. Але з яго будуць спаганяць, напрыклад, поўную аплату тарыфаў ЖКГ. Але пакуль не вызначана, ні, хто будзе плаціць, ні, за што будзе плаціць, ні, у якім памеры. 1 красавіка, нібыта, нам пра гэта паведамяць. Чаго чакаць?

Стрыжак: Вельмі праблемная кропка гэтага дэкрэта як раз у тым, што складана вызначыць, што такое паслугі, субсідаваныя дзяржавай. Мы ведаем пра тое, што чыноўнікі ўвесь час заяўляюць, што мы не поўнасцю плацім за жыллёва-камунальную гаспадарку. Нават калі гэта так, то давайце ўявім сабе такую сітуацыю: у кватэры жывуць два чалавекі, якія прызнаныя незанятымі ў эканоміцы, і два, якія прызнаныя занятымі. Якім чынам, напрыклад, нам лічыць, колькі вады выліў заняты і не заняты? Па якім тарыфе ўсё гэта лічыць? Ведаючы тое, як наша дзяржава падыходзіць да пытанняў, можна прагназаваць, што будзе лічыцца па найгоршым варыянце для людзей. Будзе дастаткова таго, каб чалавек жыў у кватэры і не быў заняты ў эканоміцы. Гэта значыць, што даказваць тое, што трэба спаганяць гэтыя тарыфы і плацяжы па іншым прынцыпе, трэба будзе самаму чалавеку. Паглядзім, як усё гэта будзе выглядаць. Таму што, калі мы кажам, напрыклад, што медыцынскае абслугоўванне таксама будзе выведзенае на сто адсоткаў, пра што не раз казаў Аляксандр Лукашэнка, маўляў, зламалі там руку на сваёй працы ў Маскве, а сюды прыехалі лячыцца, то тут таксама складана, таму што бясплатны прынцып аказання медычнай дапамогі зафіксаваны ў Канстытуцыі. Вядома, тут крытыкі могуць сказаць пра тое, што Канстытуцыя — гэта нешта не надта абавязковае для выканання чыноўнікамі, але, як паказвае практыка, яны стараюцца не надта паглыбляцца ў фармальныя моманты яе тэкстаў. Калі ўжо дакладна напісана, што забаронена альбо што з’яўляецца бясплатным, напрыклад, вышэйшая адукацыя, то яны вымушаныя шукаць нейкія магчымасці.

Еўрарадыё: Мінулы дэкрэт №3 выклікаў вялікую незадаволенасць грамадства. Ажно да таго, што пачаліся вясновыя антыдармаедскія пратэсты. Чаго чакаць гэтым разам?

Стрыжак: Усё залежыць ад двух фактараў. Па-першае, наколькі будзе шырокае кола так званых не занятых у эканоміцы людзей, тых, хто трапіць пад дзеянне гэтага дэкрэта, якое складаецца ў стоадсоткавай аплаце субсідаваных дзяржавай паслуг. Па-другое, наколькі гэтая сітуацыя будзе складаная менавіта ў рэгіёнах, наколькі людзі будуць змагацца за сваё права.

Еўрарадыё: Учора кіраўнік дзяржавы падпісаў гэты дэкрэт, а сёння з самай раніцы ў Белпрэсцэнтры чыноўнікі каментавалі дэкрэт, спрабавалі тлумачыць, супакоіць людзей. У мінулы раз, калі быў прыняты Дэкрэт №3, доўга нам не маглі нічога патлумачыць, даць каментарыі. Вопыт супрацоўніцтва з насельніцтвам ужо ёсць, але ці спрацуе?

Стрыжак: Дэкрэт з’явіўся ўчора даволі позна, ужо ў непрацоўны для чыноўнікаў час, і Ірына Касцевіч, міністр працы і сацыяльнай аховы Беларусі, адразу дала першы каментарый на БелТА. Потым чыноўнікі пачалі вельмі хутка на яго рэагаваць, падатковая ўжо вызначыла парадак вяртання грошай, якія былі аплачаныя раней па дэкрэце №3. Гэта кажа, што ўлада, безумоўна, вучыцца на сваіх памылках і разумее, што ў такіх важных прынцыповых пытаннях маўчаць нельга, трэба адказваць. Але пакуль іх адказы не ўносяць яснасці ў тое, як будзе рэалізаваны гэты дакумент. Я, як праваабаронца, лічу, што гэта зноў форма прымусовай фразы. Бо, калі першы варыянт дэкрэта прадугледжваў тое, што чалавек недзе павінен быў знайсці грошы, тады яшчэ не казалі наўпрост пра тое, што гэтыя грошы павінны быць заробленыя, а не дзесьці ў яго ў панчохах былі складзеныя, і ён можа падзяліцца з дзяржавай. Цяпер дзяржава дакладна кажа, што чалавек павінен быць заняты ў эканоміцы. Я думаю, тут гаворка ідзе пра тое, што чалавек павінен быць недзе афіцыйна працаўладкаваны. Нагадваю, што праца — гэта права, а не абавязак чалавека, і гэта таксама замацавана ў Канстытуцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі