Соль у Расіі трапіла ў спіс санкцыйных прадуктаў

Расійскі прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў пашырыў спіс тавараў, на ўвоз якіх у Расію распаўсюджваюцца санкцыі. У прыватнасці, у гэты спіс цяпер трапіла соль.

Прычым эмбарга распаўсюджваецца не толькі на харчовую соль, але і соль для прамысловых мэтаў, а таксама соль, якая выкарыстоўваецца ў якасцi размарожвальнага агента ўзімку.

Увоз солі ў Расію забаронены з ЗША, краін Еўрасаюза, Аўстраліі, Албаніі, Ісландыі, Канады, Ліхтэнштэйна, Нарвегіі, Украіны ды Чарнагорыі. Гэтая норма набывае моц з 1 лістапада 2016 года.

Як перадае РБК, раней буйным пастаўшчыком солі ў Расію была Украіна. Паводле звестак расійскіх харчавікоў, у першым паўгоддзі 2014 года доля імпартнай солі ў Расіі была ад 51,8% да 62%. Асноўнымі экспарцёрамі выступалі беларуская "Мазырсоль" і ўкраінская "Арцёмсоль".

У 2015 годзе Расія адмовілася ад паставак солі з украінскага прадпрыемства. За год доля імпартнай солі ў Расіі скарацілася да 33%. У траўні 2016 года з'язўляліся звесткі, што эмбарга на ўвоз украінскай солі ў Расію было знятае.