МЗС Літвы прапануе новыя санкцыі супраць грамадзян Расіі і Беларусі
Літоўская мяжа, ілюстрацыйнае фота / obzor.lt
Міністэрства замежных спраў Літвы выступіла з ініцыятывай новых санкцыяў супраць грамадзян Расіі ды Беларусі.
Згодна з праектам, перадае LRT, расіянам і беларусам, якія маюць дазвол на жыхарства (ДНЖ) у Літве, забароняць набываць нерухомасць побач з важнымі для забеспячэння нацыянальнай бяспекі аб'ектамі ці ваеннымі палігонамі.
Таксама не змогуць купляць такую нерухомасць грамадзяне Беларусі, якія не маюць літоўскага ДНЖ, і юрыдычныя асобы, якія належаць ім. Магчымасці расіян купляць нерухомасць у Літве былі абмежаваныя раней.
Таксама прапануецца не ўпускаць у Літву дзеячаў адукацыі, навукі, культуры, спорту, мастацтва і забаў, якія вядуць ці вялі такую дзейнасць на часова акупаваных Расіяй тэрыторыях, калі яны прама ці ўскосна падтрымліваюць вайну супраць Украіны ці ўдзельнічалі ў ёй.
"Нядаўнія дыскусіі, у тым ліку на муніцыпальным узроўні, паказалі неабходнасць больш выразнага рэгулявання ўдзелу прадстаўнікоў Расіі, якая ажыццяўляе агрэсію супраць Украіны, і Беларусі, якая дапамагае ёй, у публічнай дзейнасці ў Літве ў сферах адукацыі, навукі і вучобы, культуры, спорту, мастацтва і забаў“, — заявілі ў міністэрстве.
У МЗС прапануюць, каб такія папраўкі набылі моц з 1 студзеня наступнага года.
Раней Літва прымала асобныя рашэнні пра забарону на ўезд у Літву некалькім выканаўцам, якія падтрымліваюць рэжым Пуціна і выступалі ў Крыме.