Сноўдэн: Спецслужбы маюць амаль поўны кантроль над смартфонамі
Эдвард Сноўдэн даў вялікае інтэрв’ю ВВС. У ім ён папярэдзіў карыстальнікаў смартфонаў аб тым, што літаральна ўся інфармацыя з іх тэлефонаў можа быць выкарыстана спецслужбамі.
Былы супрацоўнік ЦРУ заяўляе, што карыстальнікі смартфонаў практычна ніяк не могуць сябе абараніць ад “поўнага кантролю” спецслужбаў над сваім тэлефонам.
Па словах Сноўдэна магчымасць узламаць тэлефон без ведама карыстальніка мае Упраўленне урадавай сувязі Вялікабрытаніі. Гэта ўпраўленне можа атрымаць доступ да тэлефона, даслаўшы на яго зашыфраванае тэкставае паведамленне (якое не будзе заўважана карыстальнікам), пасля чаго спецслужбы змогуць слухаць усё, што адбываецца вакол, і нават рабіць фатаграфіі.
Урад Вялікабрытаніі адмовіўся пракаментаваць гэтую заяву.
Еўрарадыё высвятляе, якія яшчэ змовы выкрыў Эдвард Сноўдэн.
Праграма PRISM
Праграма PRISM сочыць за камунікацыямі амерыканцаў і замежных грамадзян з дапамогай тэлефона і Інтэрнэта. Сноўдэн заявіў, што дзякуючы гэтай праграме Агенцтва Нацыянальнай Бяспекі ЗША (АНБ) можа праглядаць электронную пошту, праслухоўваць галасавыя паведамленні, праглядаць фатаграфіі, відэа, адсочваць перасылаемыя файлы, даведвацца падрабязнасці з сацыяльных сетак. Паводле словаў былога агента, у праграме PRISM прымаюць удзел Microsoft (Hotmail), Google (Google Mail), Yahoo!, Facebook, YouTube, Skype, AOL, Apple і Paltalk.
Копія пастановы суда FISC
Эдвардам Сноўдэнам была апублікавана копія сакрэтнай пастановы суда FISC, паводле якой найбуйнейшы амерыканскі аператар сотавай сувязі Verizon абавязаны штодня перадаваць у АНБ дадзеныя аб усіх тэлефанаваннях. Была выказана здагадка, што падобныя пастановы накіравалі і іншым аператарам сотавай сувязі ЗША.
Пранікненне спецслужбаў у сетку Pacnet
Паводле дадзеных былога агента ЦРУ, амерыканскія спецслужбы з 2009 года незаконна пранікалі ў камп’ютарныя сеткі ўсходнеазіяцкай валаконна-аптычнай сеткі Pacnet, а таксама кітайскіх аператараў мабільнай сувязі для атрымання доступу да мільёнаў SMS.
Праграма Tempora
Ім былі абнародаваны звесткі аб існаванні брытанскай праграмы Tempora. З яе дапамогай брытанскія спецслужбы разам з АНБ ажыццяўлялі маніторынг камп’ютараў і перахоплівалі тэлефонныя званкі замежных палітыкаў і чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў саміце G20 у Лондане ў 2009 годзе.
Праграма Fingerprints
У красавіку 2014 Сноўдэн распавёў пра праграму “Fingerprints” (Адбіткі пальцаў), якая дазваляла не толькі адсочваць, але і аналізаваць дзеянні карыстальнікаў у Інтэрнэце. “Fingerprints” збірала інфармацыю пра карыстальнікаў, якія наведалі пэўныя сайты, і размяркоўвала карыстальнікаў па катэгорыях на аснове пэўных параметраў. Праграма сачыла у тым ліку і за карыстальнікамі з Еўрасаюза.
Якую рэакцыю выклікалі гэтыя папярэджанні Сноўдэна?
Прэзідэнт ЗША Барак Абама выказаўся за змяненне Патрыятычнага акта і ў законы аб дзейнасці Суда па справах замежнай разведкі. А 17 студзеня 2014 года выдаў дырэктыву, паводле якой збор звестак, што складаюць камерцыйную тайну замежных кампаній, з’яўляецца законным у ЗША — але толькі ў выпадку, калі гэта неабходна для забеспячэння нацыянальнай бяспекі ЗША і іх саюзнікаў, а не для дасягнення канкурэнтных пераваг амерыканскіх фірмаў.
Пасля апублікаваных Сноўдэнам звестак Германія скасавала дамовы з ЗША і Вялікабрытаніяй, якія дазвалялі спецслужбам гэтых дзяржаў займацца на тэрыторыі Германіі электроннай разведкай. Але неўзабаве пачала займацца падрыхтоўкай новай дамовы з ЗША, якая забараняе ўзаемны шпіянаж. Іспанія запатрабавала ад ЗША тлумачэнняў з нагоды перахопу тэлефонных і інтэрнэт-перамоваў на яе тэрыторыі. З такім жа патрабаваннем выступіла і Бразілія.
Галоўнае фота: ЕРА