СМІ: шэфа гестапа пахавалі на габрэйскіх могілках у Берліне

Журналісты газеты Bild сцвярджаюць, што бачылі на свае вочы дакументы, якія пацвярджаюць смерць Генрыха Мюлера ў 1945 годзе.



Мюлер быў адным з галоўных аўтараў плану па знішчэнні габрэяў у Еўропе. Прэзідэнт Цэнтральнай рады габрэяў у Нямеччыне Дзітэр Граўман кажа, што шакаваны гэтымі паведамленнямі.



Bild прыводзіць выказванні нямецкага гісторыка Іяханэса Тухеля, што яму ўдалося знайсці архіўныя звесткі, паводле якіх Мюлер памёр у канцы вайны. Яго цела было пахаванае ў 1945 году ў брацкай магіле на габрэйскіх могілках, кажа гісторык.



Журналісты мяркуюць, што любыя спробы выявіць рэшткі шэфа гестапа будуць цяжкімі, бо ніхто не ведае дакладнае месцазнаходжанне магілы, адзначае ВВС.



Апошнія дакументальна пацверджаныя звесткі пра Мюлера датычаць дня, калі Гітлер учыніў самагубства. У 1949 годзе Федэральная раведвальная служба Нямеччыны паведаміла, што яго быццам бачылі ў Чэхаславакіі.



Па словах Тухеля, дакументы сведчаць пра тое, што ў апошнія дні вайны Мюлера пахавалі недалёка ад берлінскага аэрапорта. Аднак пазней парэшткі чалавека, апранутага ў генеральскую форму з дакументамі на імя Мюлера, былі эксгумаваныя і перапахаваныя ў адной з трох брацкіх магіл на габрэйскіх могілках. Гэта было зарэгістравана ў 1945 годзе ў дакументах мясцовага аддзела запісаў грамадзянскага стану, заяўляе гісторык.



Пазней з'явіліся здагадкі пра тое, што Мюлер быў пахаваны ў берлінскім раёне Нойкельн. У 1963 годзе далакоп Вальтар Людэрс паведаміў паліцыі, што ён асабіста пахаваў Мюлера.



Фота — topwar.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі