Вы тут

Саўчанка прыляцела ў Кіеў і атрымала званне Героя Украіны

Народны дэпутат Украіны Надзея Саўчанка ўжо прыляцела ва Украіну. Яе сустрэў прэзідэнт Парашэнка, Юлія Цімашэнка, маці і сястра. Стала вядома, што Саўчанку абмянялі на расійскіх грушнікаў Аляксандрава і Ярафеева.

Саўчанка коратка і вельмі эмацыйна выступіла перад журналістамі. Яна сказала, што доўгі час сядзела ў адзіночнай камеры і адвыкла ад людзей, таму папрасіла адысці ад яе на тры метры. Яна сказала, што адкажа на ўсе пытанні падчас прэс-канферэнцыі ў адміністрацыі прэзідэнта. А пакуль папрасіла даць ёй час адпачыць. Саўчанка выбачылася перад сваякамі тых, хто загінуў, і каго не змаглі вызваліць.

Потым яна адправілася ў адміністрацыю прэзідэнта. Там яна высутпіла з прамовай і казала ўжо як сапраўдны палітык:

"Я не буду гаварыць кепска пра людзей, бо не хачу, каб вам перадавалася мая ярасць і лютасць. Я хачу, каб людзі хацелі не вайны, а хацелі міру, але, на жаль, мір магчымы толькі праз вайну. Хачу перадаць прывітанне расіянам і сказаць, што няма чаго баяцца, з кален трэба ўставаць. Я буду працаваць над тым, каб усе палонныя вярнуліся жывымі і ўкраінцы маглі годна жыць на сваёй зямлі".

Пасля гэтага Парашэнка ўручыў Надзеі залатую зорку Героя Украіны.

Саўчанка вылецела ва Украіну прэзідэнцкім самалётам. Разам з ёй ляцелі прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Уладзіслаў Цаголка і намеснік спікера Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка.

У пачатку ліпеня 2014 году Надзея Саўчанка была захопленая прарасійскімі сепаратыстамі і незаконна вывезеная ў Расію. Там яе абвінавацілі ў забойстве расійскіх журналістаў.  22 сакавіка 2016 года лётчыцу асудзілі да 22 гадоў пазбаўлення волі.