Вы тут

Следчы пераскочыў праз плот, участковы прыйшоў за дапамогай

Фота мае ілюстрацыйны характар.

За чатыры дні з пачатку “справы БелТА” было дапытана каля 20 журналістаў. Кагосьці забіралі з рэдакцыі, дзесьці прыязджалі дадому раніцай і рознымі спосабамі змушалі іх адкрыць дзверы. А журналістку БелаПАН дык увогуле забралі з дачы!

Еўрарадыё сабрала чатыры гісторыі затрымання беларускіх журналістак і рэдактараў.

 

Сям’я Быкоўскіх. Следчыя прыехалі раніцай каля васьмі, але не адразу сказалі, што з вобшукам

Журналістка Вольга Быкоўская, распавяла Еўрарадыё, што следчыя спачатку не казалі, што прышлі з вобшукам:

"Яны прышлі ў 8:26 у сераду. Дзверы адчыняў Паўлюк. Яны проста сказалі, што са Следчага камітэта. Я так разумею, што першапачаткова яны не казалі, што прышлі з вобшукам. Я тады падумала, што яны, можа, нешта запытацца прыйшлі. Постфактум зразумела, што прыязджаць нешта пытаць у восем гадзін, але тады гэта падалося як магчымы варыянт. Калі яны зайшлі, то з імі спачатку размаўляў Паўлюк. А потым яны паказалі пастанову і сказалі, што вобшук будзе праводзіцца па адрасе. Патлумачылі, што справа тычыцца несанкцыянаванага доступу, то бок “справы БЕЛТА”. Патрабавалі адключыць тэлефоны. Яны не вызначылі, у каго праводзяць вобшук. Таму ён быў па ўсёй кватэры, у тым ліку і ў пакоі нашай дачкі".

Яе мужа, Паўлюка Быкоўскага сёння зноў дапытваюць у Следчым камітэце і, мабыць, выпусцяць.

 

Марына Золатава. У дзверы пазваніў міліцыянт, а пасля ў кватэру ўваліўся натоўп “сілавікоў”

Галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава кажа, што дзверы “сілавікам” адчыняў яе муж, і яна не ведае ўсіх акалічнасцей. Адразу пасля гэтага ў кватэру ўваліліся супрацоўнікі МУС, Следчага камітэта і судовай экспертызы:

"Нам пазванілі ў кватэру а сёмай раніцы. Да дзвярэй падышоў муж, ён спытаў, хто там, яму сказалі, што гэта супрацоўнік міліцыі, назваў імя і прозвішча. Ён пайшоў тэлефанаваць на 02, каб спытаць ці ёсць такі супрацоўнік. Я не ведаю, што пасля дакладна адбылося, але ён адчыніў дзверы. Ну і далей гэта ўжо паказвалі па тэлевізары. Да нас зайшлі адразу супрацоўнікі МУС, Следчага камітэта і судовай экспертызы. Пачаўся вобшук, а мяне павезлі ў Следчы камітэт".

 

Галіна Уласік. Прыйшоў участковы наконт крадзяжу ў пад’ездзе, а калі дзверы адчынілі, зашлі следчыя з вобшукам

Рэдактарка Tut.by Галіна Уласік распавяла, што да яе прыйшлі раніцай. Міліцыянт прадставіўся ўчастковым, а калі яна адчыніла дзверы, то ў кватэру ўваліліся следчыя з ператрусам:

"Да мяне прыйшлі а шостай раніцы. У той дзень я працавала да дзвюх гадзін ночы ў другую змену. Патэлефанавалі ў дзверы, участковы міліцыянт сказаў, што "ў вас быў крадзеж у пад'ездзе. Ці можаце дапамагчы, распавесці, што вы бачылі". Сказаў пачакаць следчых — і тут увальваецца цэлы натоўп з ператрусам. Чалавек 7-8, уключаючы панятых. Гадзіны дзве ператрус працягваўся".

 

Таццяна Каравянкова. Следчыя прыехалі да яе на дачу, адзін з іх нават вырашыў пераскочыць праз плот, не праходзячы праз браму

Журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова была на дачы, калі да яе прыйшлі следчыя. Адзін з іх вырашыў не ісці праз брамку і пераскочыў праз плот. Таццяна спачатку падумала, што гэта сусед, з якім нядаўна быў канфлікт:

"Гэта было каля сямі гадзін раніцы. Хтосьці пераскочыў праз плот, і спачатку я падумала, што гэта быў сусед, з якім у мяне нядаўна быў канфлікт. Як аказалася, гэта быў адзін з супрацоўнікаў СК. Пасля ператрусу, прыкладна ў 11:10, мне абвясцілі пра статус падазраванай, і мы паехалі ў Мінск. Я настойвала на сваім праве зрабіць званок, на што мне адказалі, што я змагу гэта зрабіць пасля ператрусу. Аднак і пасля ператрусу мне такую магчымасць не далі".

Юрыст Павел Сапелка лічыць, што такія дзеянні “сілавікоў” магчымыя пры затрыманні людзей, якія могуць супраціўляцца. Але не ў выпадку затрымання журналістаў:

“Законам прадугледжаная такая магчымасць. Але тут ёсць важны момант: абгрунтаванасць, прапарцыянальнасць дзеянняў супрацоўнікаў унутраных спраў. Такі варыянт затрымання дапусцімы пры затрыманні падазраванага ў забойстве ці тэрарыста. У затрыманні чалавека, які можа аказаць супраціўленне. У такіх выпадках такія дзеянні абгрунтаваныя. Але ці прапарцыйна гэта ў дадзеным выпадку? Вядома ж, што не”.

Затрыманні журналістаў па справе "Белта" пачаліся 7 жніўня. Следчы камітэт паведаміў, што расследуе крымінальную справу пра незаконны доступ да платнай інфармацыі дзяржаўнага агенцтва БЕЛТА. Вобшукі прайшлі ў рэдакцыях Tut.by, БелаПАН, выдання Realt.by, газет "Навука" і "Культура". А таксама ў кватэрах журналістаў.

Увечары 9 жніўня практычна ўсіх затрыманых выпусцілі з ізалятара. Цяпер у ІЧУ знаходзяцца двое: галоўны рэдактар ​​БелаПАН Ірына Леўшына і карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, якіх сёння павінны дапытваць у Следчым камітэце. Магчыма, іх выпусцяць.