Вы тут

"Справа БЕЛТА": упраўленне К не праслухоўвала Золатаву

pixabay.com

Упраўленне па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС (упраўленне К) не праслухоўвала Марыну Золатаву і іншых супрацоўнікаў партала TUT.by. Пра гэта начальнік упраўлення Вадзім Усціновіч паведаміў на прэс-канферэнцыі 23 красавіка. 

На пачатку гучнай "справы БЕЛТА" дзяржаўныя СМІ (газета "СБ. Беларусь сегодня" і тэлеканалы) абнародавалі аўдыёзапіс тэлефоннай размовы галоўрэда TUT.by Марыны Золатавай. З яго вынікала, што журналісты партала маюць доступ да платнай падпіскі БЕЛТА. Нагадаем, што па "справе БЕЛТА" праходзілі паўтара дзясятка журналістаў недзяржаўных СМІ, якіх вінавацілі ў незаконным доступе да платнай падпіскі навінаў агенцтва. Аднак да суда дайшла толькі справа Марыны Золатавай, якая не мела такога доступу і не карысталася навінамі дзяржаўнага агенцтва. 

Прадстаўнікі Следчага камітэта на прэс-канферэнцыі 23 красавіка патлумачылі, што размова Золатавай была ўжо ў тых матэрыялах, якія ім паступілі. Хто менавіта вёў запіс размовы, не ўдакладняецца. 

Таксама ў Следчым камітэце кажуць, што службовай халатнасці ў дзеяннях супрацоўнікаў БЕЛТА выяўлена не было.