Следчы камітэт: Коржыча давялі да самагубства дзеянні трох сяржантаў

Следчы камітэт: Коржыча давялі да самагубства дзеянні трох сяржантаў

Следчы камітэт Беларусі завяршыў расследаванне па гучнай справе аб гібелі ў Печах салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Начальнік галоўнага следчага ўпраўлення Алег Шандаровіч заявіў, што дзеянні трох сяржантаў 3-й вучэбнай танкавай роты вайсковай часткі 43064 72-га аб’яднанага навучальнага цэнтра прывялі да самагубства Коржыча (яны з’яўляліся начальнікамі вайскоўца), інфармуе БЕЛТА. Сваю віну сяржанты прызнаюць часткова. Выснову аб давядзенні да самагубства салдата зроблены на падставе паказанняў пацярпелых і сведак, абставінаў, зафіксаваных на месцы, дзе знайшлі труп.

Як вядома, пасля таго, як справу ўзяў пад кантроль кіраўнік дзяржавы, следства разглядала тры версіі трагічнага здарэння: самагубства, давядзенне да самагубства і наўмыснае забойства. Праваахоўнікі прыйшлі да высновы, што мела месца давядзенне да самагубства. Яны называюць здарэнне “службовым злачынствам”. Сяржанты неаднаразова выкарыстоўвалі гвалт у адносінах да вайскоўцаў, у тым ліку і да Коржыча. Пацярпелымі па справе прызналі некалькі вайскоўцаў вайсковай часткі.

Крымінальную справу распачалі па артыкуле “Злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзеянне ўлады” (ч. 3 арт. 455 КК). Абвінавачаным пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці ці без канфіскацыі.

Дзеянні камандзіра роты Сукавенкі і прапаршчыка Вірбала "не знаходзяцца ў прамой прычыннай сувязі з давядзеннем да самагубства радавога Коржыча”. Апошняга абвінавачваюць у тым, што ”фактычна карыстаўся банкаўскай карткай Коржыча, аднак гэтыя дзеянні не знаходзяцца ў сувязі са смерцю, расследаванне яго крымінальнай справы працягваецца". Справа Сукавенкі таксама выдзелена ў асобную вытворчасць.

Аляксандр Коржыч праходзіў тэрміновую службу з траўня 2017 года. Яго цела было знойдзена ў падвале аднаго з будынкаў на тэрыторыі часткі 3 кастрычніка мінулага года. Пасля таго, як справа з дапамогай СМІ набыла грамадскі рэзананс, наконт яе выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Ён паабяцаў, што будзе праведзена аб’ектыўнае расследаванне. Падчас яго выявілі шматлікія факты нестатутных адносін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі