Сітуацыя пагаршаецца — Дзярждэпартамент ЗША пра сітуацыю са СМІ ў Беларусі

Парушэнні свабоды СМІ ў Беларусі сабраныя на 85-ці старонках / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Парушэнні свабоды СМІ ў Беларусі сабраныя на 85-ці старонках / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У Беларусі склалася прыгнятальнае становішча са свабодай слова. Пра гэта гаворыцца ў краінавай справаздачы Дзярждэпартамента ЗША, прысвечанай сітуацыі ў беларускіх СМІ. На 85 старонках сабраныя факты пераследу журналістаў, а таксама гаворыцца пра татальны кантроль, які ўсталявалі беларускія ўлады ў інтэрнэце. Вытрымкі з дакумента прыводзіць БАЖ.

Аўтары даклада адзначаюць, што да канца 2022 года ўраду ўдалося закрыць і выцесніць з краіны практычна ўсе буйныя незалежныя СМІ. Акрамя таго, была жорстка абмежаваная дзейнасць рэгіянальных медыя. Журналісты пачалі звяртацца да самацэнзуры і пазбягаць асвятлення пэўных тэм (у тым ліку вайны Расіі супраць Украіны).

Міністэрства інфармацыі анулявала ліцэнзію газеты "Беларусы і рынак", яе сайт заблакавалі. Дырэктар выдання Канстанцін Залатых знаходзіцца ў СІЗА паводле палітычна матываванага абвінавачання, адзначаюць аўтары даклада. Паводле іх ацэнак, у 2022-м беларускія ўлады пераключыліся на рэгіянальныя медыя. Былі прыпыненыя друк і распаўсюд незалежных газет, у прыватнасці, "Ганцавіцкага часу". Аказваўся ціск на рэкламадаўцаў з патрабаваннем, каб яны не звярталіся да незалежных медыя. Журналістаў і дысідэнтаў ўносяць у спісы "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў". Пры гэтым у Дзярждэпартаменце ЗША падкрэсліваюць, што "экстрэмісцкімі" беларускія ўлады называюць незалежную журналістыку і спробы актывістаў і апазіцыі выказаць сваё меркаванне.

Аўтары даклада таксама нагадваюць, што пасля жніўня 2020 года праз пагрозу пераследу каля 400 журналістаў былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі. Больш за 30 журналістаў знаходзіцца ў месцах зняволення паводле палітычна матываваных абвінавачанняў. Пераслед рэпарцёраў, у тым ліку затрыманні, неабгрунтаваныя ператрусы, штрафы і турэмныя тэрміны працягваліся і ў 2022 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі