Палітвязняў рыхтавалі да вызвалення, але перадумалі — праваабаронцы
Палітвязні, ілюстрацыйнае фота / shutterstock / Fanni_2021
16 верасня больш за 10 палітвязняў у адной з беларускіх калоній падрыхтавалі да вызвалення, але ў выніку яны так і не выйшлі на волю.
У гэты дзень пасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл наведваў Беларусь і вёў перамовы з Лукашэнкам. У выніку на волю выйшлі 25 чалавек, якіх дэпартавалі з Беларусі ў Літву. Перад гэтым візітам выказваліся прагнозы, што вызваленых будзе ў некалькі разоў больш.
Як даведаліся праваабаронцы "Вясны", у адной з калоній палітвязням паведамілі, што іх вызваляюць, падрыхтавалі дакументы, сабралі разам з рэчамі ў актавай зале і загадалі чакаць транспарт. Некаторыя мужчыны нават паспелі раздаць частку сваіх рэчаў іншым вязням.
Аднак пасля абеду падрыхтаваным вязням паведамілі, што вызваляць іх не будуць, і вярнулі ў атрады. Прычыны такога рашэння не патлумачылі.
Пасля гэтага псіхалагічны стан вязняў пагоршыўся, а некаторым спатрэбілася медыцынская дапамога, адзначаюць праваабаронцы са спасылкай на ўласныя крыніцы.