Сіноптыкі: У Беларусі пацяплее толькі ў канцы тыдня

Сіноптыкі: У Беларусі пацяплее толькі ў канцы тыдня

У Беларусі пацяплее толькі ў канцы тыдня, але дажджы працягнуцца. А ў бліжэйшыя дні захаваецца няўстойлівае надвор'е, сярэдняя тэмпература паветра будзе ніжэйшая за норму на 1-3 градусы. Пра гэта ў Facebook піша Дзмітрый Рабаў, начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У аўторак, 17 траўня, уначы ападкі прагназуюцца пераважна ў Гомельскай вобласці, удзень — амаль па ўсёй краіне. Месцамі ў дзённыя гадзіны магчымыя навальніцы. Уначы тэмпература паветра складзе ад 1 да 8 градусаў вышэй за нуль (месцамі на глебе магчымыя замаразкі — да мінус 1 градуса), у дзённыя гадзіны — 11-17 цяпла.

Уначы ў сераду, 18 траўня, кароткачасовыя дажджы чакаюцца толькі месцамі, удзень — на большай частцы тэрыторыі Беларусі. Зноў жа ў дзённыя гадзіны месцамі магчымыя навальніцы. Калі ўначы тэмпература паветра складзе 2-7 цяпла, дык удзень — 11-17 градусаў вышэй за нуль.

У чацвер, 19 траўня, умовы надвор'я істотна не зменяцца. Аднак у дзённыя гадзіны будзе ўжо да 20 градусаў са знакам плюс. У пятніцу, 20 траўня, удзень таксама магчымыя навальніцы. Уначы будзе 3-9 градусаў са знакам плюс, удзень — 15-22 цяпла.

У суботу, 21 траўня, удзень амаль па ўсёй Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі — навальніцы. У начныя гадзіны прагназуецца ад 5 да 11 градусаў вышэй за нуль, у дзённыя — 13-20 цяпла, а на Гомельшчыне — да 23 градусаў. У нядзелю, 22 траўня, ападкі працягнуцца, але толькі месцамі. Уначы тэмпература паветра можа скласці ад +3 да +10 градусаў, удзень — 13-20 цяпла, у Брэсцкай вобласці — да 23 градусаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі