Вы тут

Што рабілі Лукашэнка і Пуцін пад Ржэвам

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці мемарыялу / president.gov.by

30 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка наведаў Расію. Пад Ржэвам ён разам з Уладзімірам Пуціным адкрываў мемарыял савецкаму салдату. Гэты праект быў ініцыяваны ветэранамі вайны і падтрыманы саюзнай дзяржавай Беларусі і Расіі. Кіраўнікі краін выступілі з прамовамі. Лукашэнка гаварыў пра важнасць захавання гістарычнай памяці і ўшаноўвання герояў вайны.

"Пакуль мы ствараем помнікі, пакуль мы прыходзім да помнікаў, мы ваяваць не будзем, мы пазбегнем гэтай страшнай трагедыі, цытуе словы беларускага кіраўніка яго прэс-служба. — Як толькі мы забудзем дарогу да гэтых святых месцаў — мы абавязкова будзем ваяваць".

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін паўдзельнічалі ў міжнароднай акцыі "Сад памяці" — пасадзілі елкі. Адна з валанцёрак нечакана прапанавала Лукашэнку і Пуціну скончыць гэтую акцыю 22 чэрвеня 2021-га ў Брэсцкай крэпасці — пасадзіць дрэвы ўжо там. "Чакаем", — адказаў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка і Пуцін наведалі музей, дзе паглядзелі экспазіцыю, прысвечаную Ржэўскай бітве 1942-1943 гадоў.

Напярэдадні з'явілася інфармацыя, што кіраўнікі Беларусі і Расіі правядуць у аўторак двухбаковую сустрэчу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.