Што могуць зрабіць замест знесенай мінскай электрастанцыі
![Што могуць зрабіць замест знесенай мінскай электрастанцыі](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/st21.jpg.webp?itok=2mMTUurq)
Аднавіць будынак першай мінскай электрастанцыі, на месцы якой пабудавалі гатэльны комплекс, вядомы як “Кемпінскі”, нельга. Да такой высновы прыходзіць кіраўнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі. Але прапануе іншыя варыянты захаваць помнік.
"Мы некалі прапаноўвалі, як варыянт, упісаць яе ў комплекс. Можна абыграць і ўключыць у фае. Сёння трэба шукаць варыянт, які адпавядае гэтаму месцу. Можна ўзнавіць фасад, ён распілаваны, але захаваўся. Можна працягнуць гэты фасад у новых матэрыялах. Няблага было б і помнік туды ўпісаць, Чапскаму".
Першая мінская электрастанцыя была знесеная пад праект гасцініцы "Кемпінскі" у 2012 годзе. Але сцены будынка распілавалі і захавалі.
Чапскі быў кіраўніком Мінска з 1890 да 1901 года. Ён жа і заснаваў электрастанцыю.
Якія яшчэ праекты даюць магчымасць захаваць будынак электрастанцыі хаця б часткова.
Калі паглядзець эскізныя праекты "Кемпінскі", які ім так і не стаў, то фасад будынка першай мінскай электрастанцыі там прысутнічае. І нават у двух варыянтах.
Па адным узноўленая станцыя мусіла стаяць уздоўж праспекта.
Фасад будынка захоўваецца ўздоўж праспекта(фота: forum.kemgik.by)
А па другім — уздоўж ракі Свіслач. Абодва праекты прадугледжвалі частковае захаванне фасаду будынка. Але ніводзін з праектаў так і не быў рэалізаваны да канца.
Па другім праекце фасад стаіць уздоўж Свіслачы(фота: citydog.by)
"Мы рабілі апошнія даследаванні. Забудоўшчыкі мусілі аднавіць кавалак электрастанцыі на ўзроўні праспекта. Былі ўсе магчымасці зрабіць гэта там, дзе ў іх быў паркінг. Мы стаялі на тым, што гэта можна захаваць. Адразу за плотам мусіла быць частка фасада, але яе няма", — расказвае архітэктар-рэстаўратар Вольга, якая даследавала будынак электрастанцыі.
Але на сёння гмах каля цырка стаіць недабудаваны. Бачныя недаробкі на фасадзе, унутры будынак недароблены, працы не вядуцца.
У кампаніі "Эліт-Эстейт", якая руйнавала электрастанцыю і ўзводзіла “Кемпінскі”, не могуць сказаць, ці належыць ім гэты будынак цяпер, па тэлефоне адказвае толькі сакратарка, якая нічога не ведае.