Вы тут

Шольц распавёў, калі адменяць санкцыі супраць Расіі — 69-я раніца вайны

Расійскія вайскоўцы​ / РИА Новости

За суткі становішча на фронце істотна не змянілася. Расійскія войскі працягвалі, як кажуць у Генштабе ВСУ, ажыццяўляць "наступальныя дзеянні ва Усходняй зоне", але без сур'ёзных поспехаў. Абстрэльвалі Харкаў і наваколле, аказвалі "актыўнае агнявое ўздзеянне" на ўкраінскія падраздзяленні на Ізюмскім кірунку. Актыўныя баі ідуць у Луганскай вобласці — расіяне спрабуюць узяць пад кантроль Рубежнае і Папасную, і ў Данецкай — тут яны спрабуюць рухацца ў напрамку Лімана і Славянска.

Ва ўкраінскім штабе Аб'яднаных сіл кажуць, што за мінулыя суткі адбілі на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей 12 нападаў праціўніка. Па словах кіраўніка Луганскай вобласці Сяргея Гайдая, напярэдадні расіяне 25 разоў адкрывалі агонь па жылых масівах. Больш за ўсё дасталася Северодонецку, Рубежнаму, Попаснай і Горскай грамадзе.

Пяць дамоў за мінулыя суткі расіяне пашкодзілі ў Севераданецку, яшчэ не менш за 12 — у Горскай грамадзе / @luhanskaVTSA

У Белгародскай вобласці Расіі, якая мяжуе з Украінай, мінулай ноччу зноў было шумна. Жыхары Белгарада чулі "гучны хлапок, падобны на гук выбуху сярэдняй сілы", паведамляюць расійскія СМІ. Увесь апошні тыдзень у гэтым прыгранічным расійскім рэгіёне раз-пораз адбываюцца надзвычайныя здарэнні. У ноч на 27 красавіка тут, да прыкладу, гарэў склад боепрыпасаў.

Санкцыі ЕС супраць Расіі не скасуюць да таго часу, пакуль Масква не падпіша мірнае пагадненне з Украінай. І умовы міру павінен вызначыць Кіеў. Гэта заявіў канцлер Германіі Олаф Шольц, перадае Reuters. На думку Шольц, расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін ужо неаднаразова памыляўся.

"Ён не думаў, што Украіна так будзе супраціўляцца. Ён не думаў, што мы падтрымаем іх, каб яны так доўга трымаліся... Мы не здымем санкцыі, пакуль ён не дамовіцца з Украінай, а ён не атрымае гэтага з прадыктаванымі ўмовамі міру", — сказаў канцлер Германіі. Ён таксама падкрэсліў, што Германія не прызнае анэксію Крыма Расіяй.

Олаф Шольц / Reuters

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан сёння абвесціць аб новым пакеце вайсковай дапамогі Украіне, паведамляе "Громадське" са спасылкай на офіс брытанскага прэм'ера. Аб'ём дапамогі — 300 млн фунтаў стэрлінгаў (375 млн долараў). На гэтую суму Украіна атрымае абсталяванне радыёэлектроннай барацьбы, абсталяванне для глушэння GPS і тысячы прыбораў начнога бачання. У офісе Джонсана таксама распавялі, што ў бліжэйшыя тыдні накіруюць Украіне сістэмы цяжкай грузападымальнасці, а таксама больш за дзесятак новых спецыялізаваных Toyota Landcruiser.

У ЗША пракаментавалі выказванні кіраўніка расійскага МЗС Сяргея Лаўрова пра яўрэяў. Спікер Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Нед Прайс назваў выказванні Лаўрова пра прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага "самай ганебнай праявай расізму, прапаганды і хлусні". Раней Зяленскі казаў, што не можа быць нацыстам, таму што з'яўляецца яўрэем. Лаўроў лічыць, што гэта не аргумент. "Магу памыліцца, але ў Гітлера таксама была яўрэйская кроў. Гэта абсалютна нічога не значыць. Мудры яўрэйскі народ кажа, што самыя заўзятыя антысеміты — звычайна яўрэі. "У сям'і не без вырадка", як у нас кажуць", сказаў расійскі міністр. Гэтыя словы выклікалі абурэнне і ў Ізраілі. Міністр замежных спраў краіны Яір Лапід у сваім Twitter напісаў, што Лаўроў дапусціў грубую гістарычную памылку.

"Яўрэі не забівалі сябе падчас Халакоста. Горшы ўзровень расізму ў дачыненні да яўрэяў — гэта вінаваціць саміх яўрэяў у антысемітызме", — напісаў ён. У Ізраілі цяпер чакаюць выбачэнняў ад Лаўрова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.