Севярынец: Магчыма, пытанне па танных візах вырашыцца менавіта цяпер

Апазіцыянеры абмеркавалі ў Еўрапарламенце адносіны Беларусі і Еўрасаюза Беларускія апазіцыянеры сустрэліся ў Бруселі з прэзідэнтам Еўрапарламента Ежы Бузэкам, дэпутатамі парламенцкіх груп Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу і Еўрапейская народная партыя, а таксама прадстаўнікамі Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю. Лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч распавёў, што ў Еўрапарламенце добра ведаюць сітуацыю ў нашай краіне.

Аляксандр Мілінкевіч: “У Еўрапарламенце даволі добра ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі, не трэба вялікі ўступ рабіць. Але канкрэтыка апошняга часу і аб тым, якая мае быць палітыка Еўрасаюза, эканамічнае супрацоўніцтва — гэта трэба абмяркоўваць. Мы за тое, каб дыялог быў, але каб ён быў абумоўлены. Не можа быць рух з аднаго боку”.

Менавіта пра больш цвёрда-абумоўленую тактыку, сярод іншага, ішла размова прадстаўнікоў дэлегацыі з прэзідэнтам Еўрапарламента Ежы Бузэкам.

Аляксандр Мілінкевіч: “Ежы Бузэк — гэта чалавек, які выдатна ведае сітуацыю ў Беларусі. Не столькі казалі пра тое, што было, а пра тое, што трэба рабіць. Дыялог не даў вялікіх эфектаў, на якія мы спадзяваліся. Гэта значыць, што тактыка мусіць быць яшчэ больш цвёрда-абумоўленай. Крок за крокам. З беларускага боку мусіць быць дэмакратызацыя, палітычныя рэформы, якіх фактычна не было. А ЕС, і еўрапейскія і міжнародныя структуры, з свайго боку, каб дапамагалі ў мадэрнізацыі беларускай эканомікі”.

Такой самай думкі і сустаршыня ствараемай партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павал Севярынец. Паездку ён будзе лічыць паспяховай, калі ў ходзе сустрэч высветліцца, што еўрапейцы згодныя ўвязаць палітычныя патрабаванні да беларускага ўраду з эканамічнай дапамогай.

Павал Севярынец: “Калі еўрапейцы выберуць гэты шлях і пацвердзяць на гэтых сустрэчах, што яны гатовыя прагматычна, жорстка і самым сур'ёзным чынам размаўляць з рэжымам, каб дэмакратызаваць Беларусь, тады мы палічым гэта дасягненнем, поспехам”.

Паводле евангельскага прынцыпу “Грукайце, і адчыняць вам! Шукайце і знойдзеце!” працуюць прадстаўнікі дэлегацыі, па словах Паўла Севярынца. Ён мяркуе, што ездзіць з падобнымі візітамі трэба, калі спатрэбіцца, і 5, і 10 разоў, каб урэшце прыйшоў крытычны момант.

Павал Севярынец: “Магчыма, ён надышоў зараз. Мажліва, пытанне па танных візах для беларусаў будзе вырашана менавіта цяпер. Можа, менавіта цяпер вырашыцца пытанне адсутнасці палітвязняў у Беларусі, рэгістрацыі партый і арганізацый, выбарчага заканадаўства, СМІ. Вось я віншую вашае радыё, што вам дазволілі атрымаць акрэдытацыю ў Беларусі. Маленькі, але крок. Натуральна, такіх крокаў недастаткова. І таму мы грукаемся ва ўсе еўрапейскія кабінеты, дзеля таго, каб палепшыць стан дэмакратыі ў Беларусі”.

Віртуальна перанесці высвятленне адносін паміж апазіцыяй і ўладай на тэрыторыю ЕС – важная задача, на думку былога палітзняволенага Андрэя Клімава.

Андрэй Клімаў: “Раней мы хутчэй ваявалі на тэрыторыі расійскай, а Расія падтрымлівае дыктатуру. І мы былі наканаваныя на паражэнне. Сёння, калі я паглядзеў на прэзідэнта Еўрапейскага парламента, я ў ім убачыў не проста роднасную душу, а беларуса. І мне падалося, што ён ува мне пабачыў паляка. Ці гэта не доказ, што ў нас ёсць не проста лобі, а людзі, якія ўспрымаюць нас сваімі, у Еўрапарламенце, у Еўрасаюзе”.

Андрэй Клімаў будзе лічыць перамогай, калі ўдасца ўнутраную палітыку віртуальна перанесці на тэрыторыю ЕС і калі беларускія ўлады хаця б намінальна будуць следаваць еўрапейскім прынцыпам у адносінах з палітычнымі апанентамі.

Нагадаем, 17-19 лістапада ў Еўрапейскім парламенце адбываецца шэраг сустрэч дэлегацыі беларускай апазіцыі з дэпутатамі Еўрапарламента. У склад дэлегацыі ўваходзяць старшыня Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, яго намеснік Юрась Губарэвіч і дарадца Алесь Лагвінец, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня ствараемай партыі БХД Павал Севярынец і былы палітвязень Андрэй Клімаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі