Самы дарагі iPhone 7 каштуе амаль чатыры беларускія заробкі

Самы дарагі iPhone 7 каштуе амаль чатыры беларускія заробкі

Кампанія Apple у пятніцу, 16 верасня, запусціла афіцыйныя продажы новых смартфонаў iPhone 7 і iPhone 7 Plus у трох дзясятках краінаў свету. Набыць прылады могуць жыхары ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Кітая, Францыі, Германіі, Канады, Пуэрта-Рыка, Ганконга, Японіі, Сінгапура і шэрагу іншых краін. Пакупнікі ў гэтых краінах маглі аформіць перадзамову на новыя смартфоны з 9 верасня.

Нягледзячы на традыцыйна шырокую крытыку пасля прэзентацыі навінак, пачатак іх продажу традыцыйна сабраў натоўпы пакупнікоў.

Кітайскія прыхільнікі ў пятніцу раніцай запоўнілі адну з найбуйнейшых спецыялізаваных крамаў Apple у цэнтры Пекіна, паведамляе РІА "Новости". У раёне Саньлітун нават былі ўсталяваныя спецыяльныя загараджальныя бар'еры для кантралявання чаргі. Прыкладна за гадзіну да адкрыцця крамы чарга была даволі сціплай, аднак бліжэй да 10-й раніцы колькасць людзей значна павялічылася. Як толькі служба бяспекі адкрыла шкляныя дзверы, натоўп рынуўся ўнутр памяшкання і скіраваўся да столікаў, дзе былі ўсталяваныя новыя мадэлі тэлефона iPhone 7. Адметна, што адбылося гэта на фоне заяваў кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа, што ў выпадку яго абрання кампанія Apple больш не будзе вырабляць сваю прадукцыю ў КНР.

Самы дарагі iPhone 7 каштуе амаль чатыры беларускія заробкі
Фота: epa/vostock-photo

Падобную карціну можна было назіраць у Сіднеі. Аднак не ўсім шчасліўчыкам удалося атрымаць доўгачаканыя навінкі Apple у чорным колеры. Мара не спраўдзілася ў сотняў аўстралійцаў, якія адстаялі чаргу ля крамы кампаніі, але так і не змаглі купіць жаданае. Чорныя айфоны разышліся не дайшоўшы да прылаўка, паведамляе Euronews.

У некаторых краінах чэргі па новыя смартфоны пачалі збірацца перад крамамі за тыдзень да пачатку продажу. Фотафакт гэтай традыцыйнай амерыканскай забавы ў рэдакцыю Onliner.by даслаў наўпрост з Нью-Ёрка адзін з чытачоў. На здымках у жоўтых палатках можна ўбачыць каманду прафесійных “сядзельцаў” у чэргах, якія прадаюць свае месцы тым, хто не хоча тыдзень чакаць на вуліцы.

Самы дарагі iPhone 7 каштуе амаль чатыры беларускія заробкі
Фота: Onliner.by

У кругласутачным дзяжурстве за новымі iPhone адзначыліся і нашыя землякі. Інфармацыйнае агенцтва Reuters апублікавала фатаграфію двух маладых людзей з подпісам "Пакупнікі з Беларусі чакаюць старту продажаў iPhone 7 каля сваіх намётаў побач з крамай Apple”. Здымак быў зроблены ў Берліне 12 верасня.

Самы дарагі iPhone 7 каштуе амаль чатыры беларускія заробкі
Фота: Reuters

Праз тыдзень, 23 верасня, iPhone 7 и iPhone 7 Plus стануць даступнымі ў шэрагу іншых краінаў, сярод якіх ёсць і нашыя суседзі: Польшча, Літва, Латвія і Расія. А вось ва Украіне “сямёрка” з’явіцца толькі ў кастрычніку.

Мяркуецца, што праз тыдзень смартфоны з'явяцца і ў Беларусі. Адметна тое, што даты афіцыйнага старту продажаў у Беларусі аўтарызаваныя рэсэлеры пакуль не называюць. Смартфоны Apple, якія з'явяцца ў продажы раней за гэтую дату, можна лічыць "шэрымі", то бок увезенымі неафіцыйна. У шэрагу анлайн-крамаў ужо заяўлялі, што змогуць прадаваць навінку з пачатку наступнага тыдня.

Самы дарагі iPhone 7 каштуе амаль чатыры беларускія заробкі

Цэны на афіцыйныя iPhone 7 у Беларусі апублікаваў партал Onliner.by.

Самая “бюджэтная” мадэль — iPhone 7 з 32 ГБ убудаванай памяці — абыдзецца наведнікам салонаў афіцыйных дылераў ў 1939 рублёў. Версія са 128 ГБ памяці будзе каштаваць на 300 рублёў даражэй, а з 256 ГБ — на 600 рублёў.

За малодшы iPhone 7 Plus давядзецца выкласці 2299 рублёў. Мадэль са 128 ГБ ацанілі ў 2599 рублёў. Самы дарагі тэлефон, абсталяваны назапашвальнікам на 256 ГБ, будзе каштаваць 2899 рублёў — амаль як чатыры сярэднія беларускія заробкі!
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі