Рубінаў: Па сваёй сутнасці прэзідэнт — чалавек пяшчотны, ранімы і добры

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да прапановы Генпракуратуры канфіскоўваць машыны ў нецвярозых кіроўцаў?


Анатоль Рубінаў: Я лічу, што неабходна прыняць максімальна жорсткія меры ў адносінах да тых, хто сядае за руль, ужыўшы перад гэтым алкаголь. Незалежна ад колькасці. У нашых умовах і з нашымі традыцыямі казаць пра нейкія там праміле, колькі дапушчальна – гэтага абсалютна рабіць нельга! У нас, калі ёсць палова чаркі, то пасля яе будзе чарка, калі ёсць келіх піва, то пасля яго будзе яшчэ некалькі бутэлек і яшчэ нешта. Мы кажам, што жорсткая дзяржава, прэзідэнт – чалавек жорсткі. Да ў нас супер мяккія правілы, звыш-супер! Для таго, каб быў парадак, неабходна свабода, але вельмі жорсткія пакаранні за парушэнне. У нас цяпер і на Захадзе, прапагандуецца гуманізм. Але ў адносінах да каго? Да злачынцаў! А гуманізм у адносінах да тых, каго гэта тычыцца, мы не павінны праяўляць? Гуманізм павінен быць у адносінах да тых нармальных грамадзян, якія нічога не парушаюць і якія хочуць мець гарантыі бяспекі. А ў нас з парушальнікамі нянькаюцца! Нецвярозы за рулём – злачынца! Машына… Можа быць і машына канфіскаваная, але тое, што пазбаўляць правоў пажыццёва – гэта без пытанняў! Любыя меры ў дадзеным выпадку апраўданыя, бо гэта абсалютна недапушчальна, п’яны за рулём – забойца. Як можна цярпліва ставіцца да забойцы?


Еўрарадыё: Але ці не супярэчыць канфіскацыя іншым законам, Канстытуцыі – ці не парушаецца “права на асабістую ўласнасць”?


Анатоль Рубінаў: Законы прыдумляюць людзі для сябе. І калі нешта не адпавядае, то трэба закон паправіць так, каб ён служыў людзям. Не можа права асабістай уласнасці ўваходзіць у супярэчнасць з базавымі і жыццёва важнымі інтарэсамі грамадства. Калі такое ёсць, трэба законы паправіць. Мы ставім правы чалавека вышэй за ўсё, але гэта няправільна! Бо чалавек жыве ў грамадстве, і свабода асобы не можа ставіцца вышэй інтарэсаў грамадства. Чалавек мае столькі свабоды, колькі грамадства можа яму гарантаваць і дазволіць. А будзе квітнець грамадства, будзе добра і кожнаму індывідууму паасобку. Права на асабістую ўласнасць павінна быць недатыкальным толькі ў тым выпадку, калі чалавек выконвае пэўныя правілы і патрабаванні.


Еўрарадыё: Пагроза канфіскацыі дарагога аўто стварае спрыяльныя ўмовы для карупцыі…


Анатоль Рубінаў: Тое, што магчымыя парушэнні, не азначае, што не мусяць уводзіцца правілы. Трэба змагацца з карупцыяй. Прычым, таксама вельмі жорстка. І павінна быць разуменне непазбежнасці пакарання. Як у выпадку, калі злачынца здзяйсняе забойства. У савецкія часы, да прыкладу, усе выдатна ведалі, што пакаранне непазбежнае – смяротны прысуд. Гэта не тое, што зараз – пажыццёвае зняволенне. Нас да гэтага схіляюць і што? Той жа, да прыкладу, італьянскі мафіёзі. Ну, патрапіў у турму, і будзе там займацца фізкультурай, глядзець тэлебачанне, слухаць радыё, пісаць кніжкі… Ну, як жа так!


Еўрарадыё: Вы лічыце, што пажыццёвае – не адэкватная замена смяротнаму пакаранню?


Анатоль Рубінаў: Асноўны аргумент праціўнікаў смяротнага пакарання – прысуд выканалі, а потым высветлілася, што асуджаны не вінаваты. Сапраўды, у такіх сітуацыях, калі застаецца хаця б тысячная доля сумневаў, то трэба, магчыма, адкладаць выкананне прысуду. Але ж ёсць сітуацыі, калі няма ніякіх сумневаў, што чалавек вінаваты! Як чалавек, які забіў дзяцей, згвалтаваў непаўнагадовых – яго што, перавыхоўваць трэба?! Гэта немагчыма. Навошта перавыхоўваць чалавека, які ўжо здзейсніў такое! Што за каштоўнасць у такім чалавеку, навошта яго трымаць? Павінен быць дакладны пасыл да ўсіх: здзейсніў – ты ведаеш, чым гэта пагражае. Да ўсяго, пакаранне – не помста злачынцу. А калі мы яму пажыццёвае даем, то гэта помста – мы яго асуджаем на пажыццёвыя пакуты. Яму арганізавалі катаванне, няхай пакутуе за ўсе свае злачынствы. А смяротнае пакаранне гэта не помста – гэта дакладны і ясны пасыл: такі чалавек не можа быць у грамадстве. Усё!


А не тое, што, як таму Брэйвіку, на Захадзе забойцам ствараюць усе ўмовы для камфортнага адбыцця пажыццёвага пакарання – гэта знявага ўсяго грамадства, сваякоў забітых гэтым Брэйвікам людзей. Трэба надаваць больш увагі не злачынцам, а тым, каго мы павінны ад злачынцаў абараняць. Наша грамадства да адмены смяротнага пакарання не гатова. А на Захадзе… Што такое для італьянскага мафіёзі сядзець у турме? Ён адтуль кіруе ўсім, чым ён і кіраваў! Грошы ёсць – яму ўсё прынясуць, ён амаль як на курорце! Яшчэ і ў горад вывезуць, і калі-небудзь яшчэ і адпусцяць. А “вышка” – гэта ўсё. Таму, маўляў, давайце любымі шляхамі падвядзем пад адмену смяротнага пакарання нейкія маральныя, этычныя, гуманныя нормы… Так што, трэба яшчэ пакапаць, адкуль тут і што.


Еўрарадыё: Але такая пазіцыя ставіць крыж на сяброўстве нашай краіны ў ПАСЕ…


Анатоль Рубінаў: Давайце думаць пра наша грамадства. Так, мы не ізаляваныя, мы жывём у свеце і мы павінны так жыць, каб ніхто ад нас не атрымліваў непрыемнасцяў. ПАСЕ – не ПАСЕ… Але ж мы нікому такімі сваімі паводзінамі праблем не ствараем! Мы зацікаўленыя ў тым, каб у нас з усімі былі максімальна сяброўскія кантакты. Але гэта не азначае, што гэтыя краіны павінны нам навязваць нейкія правілы, якія нам не падыходзяць. У нас іншыя ўмовы, мы на іншай стадыі развіцця, мы не праходзілі тых этапаў, якія там праходзілі, у нас іншы стан грамадства.


 Але там ніхто з гэтым не хоча лічыцца. Такое пагардлівае стаўленне: “Выконвайце, а не выканаеце – мы вам санкцыі!” Пры чым тут ПАСЕ? У нас свае правілы, і мы імі нікому ж не перашкаджаем!


Еўрарадыё: Не заўжды…


Анатоль Рубінаў: Мы найперш зацікаўленыя ў сваёй краіне. Вось, гавораць: “Вам субсідыі даюць, вы на ігле сядзіце!” Не, каб сказаць: “Якія малайцы, што выгандлёўваюць гэты газ!” Калі б мы не выгандлевалі гэты кошт на газ, то дзе б мы сядзелі?! Але вакол кажуць, што не трэба нам гэты кошт на газ даваць, бо гэта нас разбэшчвае, і мы, замест таго, каб займацца рэструктурызацыяй і мадэрнізацыяй, сядзім і праядаем гэтыя грошы. Дзе галава? Для таго, каб займацца рэструктурызацыяй і мадэрнізацыяй неабходныя грошы! А калі мы вялізныя грошы будзем траціць на набыццё энергарэсурсаў, то пра якую мадэрнізацыю можна будзе казаць? Што карысна для дзяржавы, тое і давайце рабіць!


Еўрарадыё: Можа, не ў ігле небяспека, а ў тым, што не бескарысліва нам Расія дапамагае?


Анатоль Рубінаў: А вы што-небудзь некаму проста так даяце? Нават калі сябру пазычаеце, то разлічваеце, што ён вас патрымае ў цяжкую хвіліну. Расія – наш партнёр, у нас Саюзная дзяржава, у нас адзіныя падыходы да знешняй палітыкі. І зразумела, што мы выступаем адзіным фронтам. Але наш прэзідэнт гарой стаіць за кожны метр зямлі і кожнае прадпрыемства – каб неяк не адпусціць. І казаць, што мы тое, што належыць дзяржаве і народу, разбазарваем, не выпадае. Папракнуць нашу ўладу і прэзідэнта ў тым, што ён дзяржаўнай маёмасцю расплачваецца, нельга. Ну, а тое, што дарма ніхто нічога не дае – гэта таксама факт, гэта натуральна.


Еўрарадыё: А продаж “Беларуськалія”…


Анатоль Рубінаў: Навошта гэтыя спекуляцыі?! Прэзідэнт жа сказаў, што нетры мы нікому не аддадзім. Дзе вы бачылі, што “Беларуськалій” некаму аддаюць?


Еўрарадыё: Кошт жа нават назвалі!


Анатоль Рубінаў: Гэта ацэнка! Калі мы будзем казаць пра акцыі, іх продаж, то трэба ведаць – які кошт. А як інакш акцыі ацэньваць? Але казаць, што мы некаму аддаём?..


Еўрарадыё: Здаецца, улады пачалі спрабаваць наладжваць адносіны з ЗША. А што і каму трэба зрабіць, каб наладзіць адносіны з Еўропай?


Анатоль Рубінаў: Да нас жа ставяцца, як да нейкай, пакуль што непрыручанай, хатняй жывёлы, якую трэба выхоўваць, даваць корм ці не даваць, абмяжоўваць. А так жа нельга, гэта ж народ, які мае сваю гісторыю, пачуццё гонару. Трэба адмовіцца ад усіх санкцый. Вось, я, да прыкладу, неўязны. Вы што, баіцеся, што прыедзе чалавек і ў сваю веру зверне некага? На Захадзе лічаць, што ў нас не так тое ці іншае робіцца, правы парушаюцца – дык давайце ўплываць на гэту краіну. А як уплываць, не маючы кантактаў? Трэба нармальна ўзаемадзейнічаць, сумесныя мерапрыемствы, канферэнцыі, сустрэчы парламентароў, выканаўчай улады. Каб можна было б усе спрэчныя пытанні выцягваць і вырашаць, пераконваючы адзін аднаго. Яны ж кажуць: “З гэтымі немагчыма мець справу, неабходна гэтую ўладу скінуць, і тады”… Але з гэтым ніхто не будзе пагаджацца. І будзе супрацьдзейнічаць.


Адсутнасць зрухаў вызначаецца выключна пазіцыяй заходніх краін. Яны паставілі бар’ер на шляху хоць нейкага збліжэння. Які бар’ер? Гэта нашы ўнутраныя справы! Мы што, некага там засудзілі, захапілі ў палон і трымаем, арыштавалі маёмасць заходніх краін ці некуды ўмяшаліся?


Кажуць – дыктатарскі рэжым. Ну дзе і хто ў нас сядзіць па турмах? Некалькі чалавек па зразумелых прычынах. Няма ж таго, што прыходзяць з ператрусамі, хапаюць сваякоў… Няма ні 37, ні 57 года. Чаму тады гэты бар’ер пабудаваны? Бо такое вось пагардлівае стаўленне: “Што мы з гэтымі будзем займацца! Мы маханём, і заўтра прыйдуць пажаданыя нам людзі”. Так нельга, мы не дадзім аб сябе ногі выціраць. А перад намі выбудавалі нават не бетонную, як у савецкія часы, а жалезабетонную сцяну – нават у тыя часу не было такога, каб кіраўніка краіны неўязным рабілі!


Еўрарадыё: У вас у кабінеце вісіць не звыкла афіцыйны партрэт кіраўніка краіны, а зроблены вамі. Звяртаючы на яго маю ўвагу вы сказалі, што ведаеце Аляксандра Лукашэнку менавіта такога, не афіцыйна строгага. Які ён – “іншы”?



Анатоль Рубінаў: Гэта ўнікальны чалавек па сваіх жыццёвых інтарэсах і глыбока эмацыйным стаўленні да шмат якіх бакоў жыцця. Ён захапляўся фатаграфіяй. А гэта азначае, што ён разумее прыгажосць, ведае, што такое кадр, як яго выбудаваць, дзе тут гармонія. Займаўся музыкай – не толькі іграў на баяне, але і спяваў, выступаў. Прачытаў вялізную колькасць кніг. Па сваёй існасці ён чалавек пяшчотны і ранімы, добры. Можа, ёсць з-за дзяцінства такая абарончая рэакцыя, калі на відавок выстаўляецца жорсткасць. Але па сутнасці – гэта чалавек добры. А потым, ён вельмі разумны. З прэзідэнтам мне значна прасцей размаўляць, чым з любым чыноўнікам. Ён так заўсёды адчувае сутнасць пытання! З разумным чалавекам заўсёды лягчэй размаўляць. І няма ніякага перадузятага меркавання.


Еўрарадыё: Кажуць, што ён злапамятлівы…


Анатоль Рубінаў: Пра што вы кажаце! У яго ўвогуле няма гэтай злапамятлівасці! Але ж ёсць прынцыпы – нельга прабачаць здраду. Ён нікому не помсціць, але разумее, што на такога чалавека спадзявацца нельга. Ён мусіць займаць такую пазіцыю, якая ў інтарэсах дзяржавы. А ў інтарэсах дзяржавы – стабільнасць улады. Пераварот улады, якімі б меркаваннямі гэта не дыктавалася, гэта катастрофа і гэтага дапускаць нельга. Усё можна вырашаць законнымі метадамі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі