У Мінску ў таксоўцы можна пакатацца … з вавёркай! (фота)

Пётр Панкратаў завёў вавёрку яшчэ да таго, як пачаў таксаваць. Хлопец служыў у войску, і незвычайную жывёлінку яму прынеслі іншыя салдаты. Кінуць хворае ваверчаня Пётр не змог.


"Пятага жніўня будзе два гады, як яго прынеслі. Ён без прытомнасці ляжаў пад дрэвам. Раніцай яго знайшлі, а ўвечары прынеслі мне. У яго ў роце і правым воку завяліся чарвякі — я іх даставаў. Але праз два тыдні ўжо ўсё было нармальна. Два тыдні я карміў яго дзіцячым харчаваннем і малаком са шпрыца… Потым прарэзаліся зубкі, і ён пачаў есці сам. Праз паўгода я зрабіў яму прышчэпку і зарэгістраваў. Зараз ён лічыцца ў Мар'інай Горцы пад маім прозвішчам".



Хлопец кажа, што, нягледзячы на міф пра тое, што вавёрка не можа стаць хатняю істотай, Масік хутка быў ужо абсалютна ручным. 


"Я проста заўсёды браў яго з сабой. Ішоў на службу з сабой, кудысьці яшчэ таксама. Так і прызвычаіўся. Дома ў Масіка стандартны маршрут: паеў і спаць. З кухні ці пад коўдру, ці ў шафу, распавядае Пётр Панкратаў. Са мной любіць спаць, каля шыі. Ён самастойны. Лепшых жывёл няма".



Пра тое, што вавёрцы захочацца на свабоду, хлопец таксама не хвалюецца:


"Ён у мяне аднойчы збягаў, але я падышоў да дрэва, ён і вярнуўся. А нядаўна пасадзіў яго на дрэва дык ён баіцца яго, трасецца". 

 

 

"Вельмі люблю жывёл", дадае Пётр. Але гэта і так зразумела. Дома ў хлопца жыве котка (раней было дзве, але адну давялося перасяліць у вёску не паддавалася дрэсіроўцы і ўвесь час палявала на Масіка), ёсць яшчэ акварыум на 300 літраў. 


Пётр прызнаецца, што далёка не кожны пасажыр яго машыны даведваецца пра тое, што едзе з вавёркай.

"Я ж не ўсім яго паказваю. Які сэнс? Навошта яго ўвесь час непакоіць? Калі ўжо дзеці едуць, дык можна ім паказаць. Але я пастаянна за ім назіраю".



Да гігіенічных аспектаў шматгадзінных паездак вавёркі ў машыне кіроўца ставіцца спакойна:
"Калі ён пасікае вось анучка. Бо ён гэта можа! Дзіцё ўсё ж!"



Увогуле, адзінай складанасцю ўтрымання вавёркі ў машыне Пётр называе… вясновую ліньку:
"Зараз аблезе і ўся праблема. А то бачыш, ён напаўруды!"


 
Дзіўна, што кампанія, у якой працуе Пётр Панкратаў, нават не задумвалася пра тое, каб папіярыцца за кошт незвычайнага таксіста. Затое беларускія кіношнікі ведаюць, да каго звяртацца па вавёрку-актора. Адно што сюжэты выбіраюць стэрэатыпныя:
"Там да хлопца чэрці спачатку прыйшлі ад п'янкі, а потым і "вавёрачка", распавядае Пётр


Сацыяльныя сеткі таксама прыносяць хутчэй праблемы:
"Я аднойчы вывесіў фоткі ў "Аднакласнікі". Адна жанчына пачала мне пісаць: "Я цябе здам "зялёным" за тое, што нельга дзікіх жывёлаў трымаць". Я літаральна на наступным тыдні пайшоў у ветэрынарку, спытаўся, ці можна. Мне адказалі: "Вядома, можна. Восем тысяч прышчэпка. Дваццаць пашпарт". Зрабілі прышчэпку, каб не забралі. Ды і так, калі пашпарт ёсць, надзейнасці больш".


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі