Прэм’ера на Еўрарадыё: новы беларускі джаз ад H.A. Quartet (відэа)

“Мы граем тут з сэмплаваным аркестрам, — тлумачыць асаблівасці аднайменнай кампазіцыі Аганэс Аванесян. — Я ў апошні час “падсеў” на музыку Стравінскага і Пракоф’ева, вельмі шмат іх слухаю. І вось, мы выкарыстоўваем у кампазіцыі фрагмент з балета Стравінскага “Вясна свяшчэнная”. Жыўцом гэта запускаецца сэмплам. І тут усе партыі як канструктар — пачынаюць чапляцца адна за другую, і атрымліваецца субстанцыя, якая каціцца ў роўным памеры”.

H.A. Quartet грае незвычайны для нашых шыротаў джаз. У аснове яго музыкі моцны рытмічны складнік, на які нанізаныя лёгкія перкусійныя рытмы Аганэса Аванесяна і фартэпіянныя імправізацыі ў выкананні Канстанціна Гарачага.

Прэзентацыйны мульці-сінгл H.A. Quartet складаецца з 3 кампазіцый, запіс якіх быў зафіксаваны на відэа.

“Я разумеў што аўдыё, так, гэта будзе добра, — абгрунтоўвае з’яўленне відэа Аганэс. — Аднак тут трэба паказаць працэс. Таму што гэта абсалютна па-іншаму ўсё слухаецца. У прынцыпе, гэта канцэртны праект. Вось, ёсць музыка, якую можна паслухаць дома. Мне падаецца, што нашу музыку трэба слухаць на канцэрце і глядзець на музыкаў. Бо ім ёсць, што сказаць, і ёсць што паказаць”.

Аганэс Аванесян кажа, што першае відэа падобнае на маленькую гісторыю з драмай, кульмінацыяй і хэпі-эндам. І што сама музыка распавядае пра цудоўнае. Музыкі спадзяюцца, што кожны слухач знойдзе ў іх музыцы нешта сваё.

“Кожны музыка ўклаў свае ўражанні ў гэтую музыку, — філасофствуе бас-гітарыст квартэта Аляксандр Яфімаў. — Адпаведна, адчуванні ад гэтай музыкі ў кожнага будуць свае — у гэтым і ёсць адлюстраванне свету: музыка — гэта адлюстраванне нас у музыцы, а мы — адлюстраванне свету. Гэта ўсё цікава і індывідуальна. Гэтая музыка не праграмная, тут няма “У гацях у Папялушкі”. Усё дастаткова імпрэсійна”.

Кампазіцыі мульці-сінгла увойдуць у дэбютны альбом H.A. Quartet, матэрыял для якога ўжо напісаны. У бліжэйшы час на сайце Еўрарадыё з'явіцца вялікае інтэрв'ю з удзельнікамі квартэта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі