Экспарт беларускіх дворнікаў у Расію аказаўся нерэнтабэльным

Дворнікі, што паехалі вясной працаваць у Расію, вярнуліся!

121009_savi4_dvorniki.mp3
"Ці можна ў вас уладкавацца дворнікам, у Расію?" — пытаюся ў КУВП "Бароўка", з траўня яны адпраўлялі падмятальшчыкаў у Санкт-Пецярбург.

Загадчыца дворнікаў Галіна Мікалаеўна ад гэтага неабдуманага кроку адгаворвае мяне як можа:


"І ў Беларусі хапае працы! Вы ў цэнтр занятасці звярніцеся. Туды трэба ехаць, калі ёсць адукацыя, пажыць месяц у інтэрнаце, зачапіцца і знайсці сабе годны заробак, зняць кватэру", — прапаноўвае Галіна Мікалаеўна.


Распытваю пра ўмовы і аплату працы. З прэс-рэлізу нічога звыш нормы не прапаноўвалі: праца з 6.30 да 15.00, пяць-шэсць працоўных дзён на тыдзень.


"Дакладна не ведаю, колькі там плацілі, тысяч 10 расійскіх рублёў. На нашы гэта 3 мільёны рублёў. У нас дворнік паўтара атрымлівае. Але едуць туды ад безвыходнасці. Азербайджанцы, чучмекі ездзяць. У нас ездзіла жанчына адна, дык у яе наогул сітуацыя бязвыхадная была", — перажывае за мяне Галіна Мікалаеўна.


У Піцер запрашалі людзей ва ўзросце ад 25 да 45 гадоў з вопытам працы ў сферы ЖКГ. Прапаноўвалі прыбіраць лесвічныя клеткі і пляцоўкі. Працаваць збіраліся па снежань, аднак ужо ў кастрычніку дамову скасавалі. Бо ўмовы працы ніякія:


"Добры, кажуць, інтэрнат, але ложкі двух'ярусныя. Харчаваліся за свой кошт. На працу далёка ездзіць — трэба было ўставаць а чацвёртай-пятай гадзіне. Там нават у прыбіральню не схадзіць было, адзін аднаго прыкрывалі на вуліцы, галодныя хадзілі — бо не карміў ніхто. Уяўляеце, як гэта — цэлы дзень без прыбіральні?!"


Дарэчы, на сёння вакансій дворнікаў па Мінску і сапраўды шмат.


У ЖЭСе № 127 дворніку абяцаюць працу з 7.00 да 16.00 з перапынкам на абед і заробкам у 2-2,5 мільёна. Паводле слоў супрацоўніцы ЖЭСа, асаблівай цякучкі няма, але працаўнікі патрабуюцца. А вось у прыватную кампанію “АрэндаМаркет” патрэбны дворнік за 2,5 мільёна рублёў і працоўным днём з 8-й да 17-й гадзіны. Але за некалькі сутак пасля падачы аб’явы звярнуліся толькі двое.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі