Ці законна бары і рэстараны патрабуюць перадаплату пры замове століка?

“Браніраванне століка ў нас патрабуе перадаплаты. Па 150 тысяч з чалавека. За шэсць асобаў будзе 900”, — прыкладна такія словы можна пачуць шмат у якіх барах і кавярнях Мінска, калі паспрабаваць забраніраваць там столік у пятніцу ці ў нейкі святочны дзень.

Сумы папярэдняй замовы адрозніваюцца ў залежнасці ад папулярнасці месца і дня. Калі надумаеце забраніраваць столік у дзень цікавага футбольнага матча — могуць папрасіць больш, чым звычайна. Акрамя гэтага, часта просяць загадзя замовіць пэўныя стравы. Калі пры замове банкету на 40 чалавек такія патрабаванні яшчэ можна апраўдаць, то для сяброўскай сустрэчы яны не заўсёды прымальныя.

Юрыст грамадскага аб’яднання “Спажывец” тлумачыць, што ўсе працэдуры папярэдніх замоваў рэгулююцца пастановай Міністэрства гандлю № 7, выдадзенай яшчэ 29 лютага 2008 года. Згодна з ёй, усе патрабаванні заплаціць за паслугі раней за тэрмін — неправамоцныя.

“Патрабаваць аплату яны не маюць права. Гэтая інструкцыя рэгулюе папярэднія замовы, браніраванне. Паводле яе, яны могуць прапанаваць. А кліент можа аплаціць. Але не абавязаны”.

Патрабаванне перадаплаты сталічнымі рэстаратарамі ўжо нават выклікала зваротную рэакцыю наведвальнікаў кавярняў і бараў. Юрыст і актыўны карыстальнік сацсетак Дар’я Каткоўская звярнулася да сваіх чытачоў з просьбай паведамляць аб такіх выпадках. Яна збіраецца даслаць ліст з іх пералікам у Мінгандлю. Найбольш абураецца сумнеўнай законнасцю патрабавання перадаплаты, а таксама яе памерам.

“Ва ўсіх гэтых гісторыях не даваўся нармальны дакумент аб прыёме грошай. Па-другое, сцвярджалася, што паесці на меншую суму проста немагчыма”.

Ратавацца ад свавольстваў адміністратараў бараў, паводле юрыстаў, проста. Дастаткова толькі нагадаць пра адпаведную пастанову Мінгандлю. Добра працуе і просьба паглядзець на кнігу скаргаў.

Дзеля чысціні эксперыменту карэспандэнт Еўрарадыё абтэлефанаваў з дзясятак папулярных бараў і кавярняў Мінска, спрабуючы замовіць там столікі для кампаніі. Пра неабходнасць папярэдняй аплаты пачуў у чатырох з іх.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі