Беларускія спартоўцы заваявалі 11 ліцэнзій на Алімпійскія гульні 2012 года
Алімпійскія "пропускі" сабе ўжо забяспечылі лёгкаатлеты, тэнісісты, плыўцы.
Як адзначае БЕЛТА, ліцэнзіі атрымалі лёгкаатлеты Сцяпан Рагаўцоў, Настасся Старавойтава, Марына Даманцэвіч, Вольга Салевіч. Таксама на Алімпіяду паедуць стралкі Сяргей Мартынаў, Вікторыя Чайка, Канстанцін Лукашык, плыўчыхі Аляксандра Герасіменя і Святлана Хахлова. У настольным тэнісе нашу краіну на Алімпіядзе прадставяць Уладзімір Самсонаў і Вікторыя Паўловіч.
Бліжэйшыя спаборніцтвы, на якіх будуць вызначацца алімпійскія квоты, - гэта чэмпіянат Еўропы па футболе сярод моладзевых камандаў. Ён пройдзе ў чэрвені ў Даніі. На чэмпіянаце алімпійскія ліцэнзіі атрымаюць 3 ці 4 каманды (залежыць ад таго, ці ўвойдуць у тройку прызёраў гаспадары Алімпіяды-2012 англічане). Сапернікі зборнай Беларусі па групавым турніры - Ісландыя (11 чэрвеня), Данія (14 чэрвеня), Швейцарыя (18 чэрвеня). У паўфінал выходзяць па дзве каманды з групы.