Вы тут

Расследаванне: як сын Віктара Шэймана таемна здабывае золата ў Зімбабвэ

Прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагве і Віктар Шэйман у Мінску / Belta

У сакавіку 2018 года Віктар Шэйман (тады — кіраўнік спраў прэзідэнта Беларусі) пабываў з чарговым візітам у Зімбабвэ. Тады ж была падпісана дамова з міністрам горназдабыўной прамысловасці Уінстанам Чытанда аб стварэнні сумеснай горназдабыўной кампаніі.

Кампанія называлася Zim Goldfields. Чым яна займалася і каму прыносіла прыбытак? Якое дачыненне да яе мае Сяргей Шэйман — сын Віктара Шэймана? Усё гэта ў расследаванні літоўскага цэнтра Siena, OCCRP і "Белсат", праведзеным пры садзейнічанні Еўрарадыё.
 

Пахаваныя жывымі

Улады абедзвюх краін не рабілі са стварэння кампаніі падзеі, і СМІ не надалі гэтаму значэння. Zim Goldfields так бы і працавала ціха і непрыкметна, калі б не здарылася катастрофа.

У лістападзе 2020 года кітайская кампанія, якая прыбыла на ўчастак, пачала закопваць закінутыя залатаносныя шахты ў раёне Мутаса. Раптам аказалася, што шахты не такія ўжо і закінутыя. Дзесяць мясцовых чорных капальнікаў выпадкова сталіся пахаваныя жыўцом. Было знойдзена толькі два целы, астатніх так і не выцягнулі.

Паводле інфармацыі Цэнтра кіравання прыроднымі рэсурсамі Зімбабвэ (CNRG), участак належаў "беларускай кампаніі Zim Goldfields", а распрацоўкай тэрыторыі займалася нанятая па субпадрадзе кітайская кампанія Zhondin Investments (у іншых крыніцах Zhong Jin Investments). Сваякам двух знойдзеных золатаздабытчыкаў выплацілі кампенсацыі ў памеры $955.

Гэтая навіна і згадка пра выплату падаткаў у раёне Мутаса — адзіныя з'яўленні беларускай горназдабыўной кампаніі Zim Goldfields у адкрытых крыніцах.
 

Залатыя палі на Сейшэлах

Як даведаліся журналісты Цэнтра па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, сумеснае прадпрыемства пад назвай Zim Goldfields было створана ў красавіку 2018 года. 30% долі ў ім атрымала дзяржаўная карпарацыя ZMDC, якая кантралюе горназдабыўны сектар Зімбабвэ і інвестуе ў яго, а 70% — брытанская фірма Midlands Goldfields Limited. Яе заснаваў жыхар Лондана Роберт Майкл Фрыдберг (Robert Michael Friedberg).

Дзякуючы самай масавай у гісторыі ўцечцы звестак з афшора, якая атрымала назву Pandora Papers, удалося высветліць, што Фрыдберг дзейнічае ў інтарэсах сейшэльскай кампаніі Midlands Goldfields Foundation. Гэтая кампанія была заснаваная ў снежні 2017 года беларускімі бізнесменамі Аляксандрам Зінгманам і Сяргеем Шэйманам — сынам Віктара Шэймана. Долі былі размеркаваныя 50 на 50.

Сяргей Шэйман — асоба не публічная і афіцыйна з дзейнымі беларускімі ўладамі не звязаная. Раней з расследаванняў тэлеканала "Белсат" стала вядома, што сын Віктара Шэймана вядзе бізнес з былым генералам ФСБ, набліжаным да расійскага кіраўніцтва.

Але ў сакавіку 2018 года Шэйман-малодшы разам з бацькам наведаў Зімбабвэ — у якасці "дарадцы" ўрадавай дэлегацыі. І — так! — менавіта ў час гэтага візіту было падпісана пагадненне аб стварэнні Zim Goldfields, адным з уласнікаў якой ён стаў.

Па выніках гэтай паездкі Віктар Шэйман на дакладзе ў Аляксандра Лукашэнкі заявіў, што для Беларусі становіць вялікую цікавасць здабыча карысных выкапняў у Зімбабвэ: "Афрыка цікавая тым, што там сапраўды вельмі шмат карысных выкапняў, якія як паветра патрэбныя нашай эканоміцы. Ніхто не збіраецца супрацоўнічаць забясплатна. Калі ў іх няма грошай, яны гатовыя разлічвацца карыснымі выкапнямі. Гэта нас задавальняе".

Сярод прадстаўнікоў Zim Goldfields на пасадзе галоўнага аперацыйнага дырэктара заўважаны беларус Дзмітрый Красільнікаў. Гэта сын уладальніка кампаніі "БелАсептыка". Згодна з яго профілем на Linkedin, ён працаўладкаваўся ў кампанію ў траўні 2018 года, да гэтага працаваў у Тэхнабанку, Нацбанку, у кампаніі бацькі і іншых месцах. Навучаўся ў брытанскім універсітэце Крэнфілда.

Сям'я Дзмітрыя не цураецца сувязяў з уладамі. Яго бацька, Андрэй Красільнікаў, у перадвыбарчы перыяд 2020 года праводзіў сустрэчу даверанай асобы Аляксандра Лукашэнкі гендырэктара "Беларуськалія" Івана Галаватага з працоўным калектывам "БелАсептыкі". Сам Дзмітрый паспеў пасварыцца з бацькам праз акцыі на кампанію, што вылілася ў доўгі судовы канфлікт. У выніку ў сітуацыю давялося ўмяшацца самому Лукашэнку — і даручыць кіраўніку Мінаблвыканкама Аляксандру Турчыну развязаць канфлікт уласнікаў.
 

Усюды сілавікі

"Белгеапошук" быў створаны ў 2016 годзе як прыватна-дзяржаўная кампанія. Першапачаткова ён збіраўся займацца выведкай і распрацоўкай здабычы бурштыну ў Беларусі. Але гэты бізнес аказаўся нерэнтабельным.

Цяпер "Белгеапошук" займаецца геалагічнай выведкай нетраў у іншых краінах. Іх геолагі ў суправаджэнні ўласнай "службы бяспекі" пастаянна адпраўляюцца ў камандзіроўкі як мінімум у адну афрыканскую краіну — Зімбабвэ. Былі камандзіроўкі і ў іншыя краіны, напрыклад у Паўднёвы Судан, але там, здаецца, нічога не атрымалася. У "службе бяспекі" кампаніі працуюць адстаўнікі беларускіх сілавых ведамстваў. Пры гэтым афіцыйна працаўладкаваныя ў кампанію толькі некалькі чалавек — гэта вынікае са звестак, атрыманых ад "Кібер-Партызанаў".

Міжсабойчык для сваіх

У снежні 2018 года мясцовыя ўлады знайшлі парушэнні на адной з пляцовак, вылучанай Zim Goldfields. А ў 2021 годзе ўрад Зімбабвэ забараніў распрацоўку ў рэчышчах рэк. Акрамя таго, не знікла праблема з нелегальнымі золатаздабытчыкамі — усё гэта вымусіла кампанію спыніць работы на ўчастку каля Пенхалонга ў раёне Мутарэ — на адным з некалькіх участкаў, дзе ёй было дадзена права здабываць золата.

Зрэшты, лакальныя праблемы не перашкаджаюць Zim Goldfields працягваць працаваць у іншых рэгіёнах Зімбабвэ.

Дзякуючы глабальным злівам звестак, Panama Papers і "Кібер-Партызанам" мы цяпер ведаем, хто і праз якія пракладкі валодае беларускім горназдабыўным бізнесам у Зімбабвэ. Гэта былыя сілавікі з розных ведамстваў (Новік, Раманоўскі, Чанаў, Міхайлаў і іншыя). Выхадцы з Кіраўніцтва справамі прэзідэнта — той жа Жаўнер. Сябры і партнёры Віктара Шэймана — Аляксандр Зінгман і Аляксандр Мятла. Дзеці буйных беларускіх чыноўнікаў і бізнесменаў — Сяргей Шэйман і Дзмітрый Красільнікаў.

Калі вы наступны раз пачуеце, што Беларусь здабывае золата ў Афрыцы, — рабіце папраўку на тое, што ў складанай схеме ўсюды свае людзі. А грошы выводзяцца праз афшоры.

Тэкст падрыхтаваны ў рамкахАкселератара расследавальніцкай журналістыкі.

Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon