Расійскія спецслужбы 11 разоў спрабавалі забіць Уладзіміра Зяленскага

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі / Telegram / Zelenskiy Official

Расійскія спецслужбы здзейснілі на Уладзіміра Зяленскага 11 замахаў, распавёў ён у падкасце World of Trouble, піша BILD.

З меркаванняў бяспекі прэзідэнту Украіны даводзіцца толькі зрэдку наведваць жонку і дзяцей, якіх яго прысутнасць можа паставіць пад пагрозу.

Зяленскі таксама распавёў, што яго дзеці адчуваюць на сабе тыя ж праблемы, што і многія дзеці ва Украіне: "Яны ходзяць у школу, яны вучацца і павінны вельмі хутка бегчы ў сховішчы [падчас паветранай трывогі]". Дзеці Уладзіміра і Алены Зяленскіх, 13-гадовы Кірыл і 21-гадовая Аляксандра, жывуць у сакрэтным месцы — каб таксама не падвергнуцца замахам.

Сам прэзідэнт, паводле яго слоў, таксама праводзіць большую частку часу ў розных абароненых месцах. Расійскія спецслужбы назіраюць за кожным яго рухам. Паводле яго даных, спецпадраздзяленні ФСБ атрымалі загад "абезгаловіць" украінскае кіраўніцтва.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.