Вы тут

Расія пачала перадыслакацыю ў Беларусь ЗРК С-400

ЗРК С-400 / ілюстрацыйнае фота vpk-news.ru

Два дывізіёны зенітных ракетных комплексаў С-400 "Трыумф" пачалі перадыслакацыю ў Беларусь, паведамляе міністэрства абароны Расіі. З-400 накіроўваюць у Беларусь для ўдзелу ў сумесных беларуска-расійскіх вучэннях "Саюзная рашучасць-2022".

Два дывізіёна ЗРК С-400 "Трыумф" аб'яднання ВПС і СПА Усходняга ваеннай акругі "здзейснілі марш на станцыю пагрузкі ў Хабараўскім краі", распавялі ў расійскім Мінабароны. Частку шляху на беларускія ваенныя палігоны падраздзялення пераадолеюць на чыгуначным транспарце, частку — сваім ходам.

Нагадаем, у рамках праверкі баявой гатоўнасці ў Беларусь ужо пачалі прыбываць расійскія падраздзяленні і тэхніка. На першым этапе — да 9 лютага будзе выканана перадыслакацыя ваенных да месца правядзення вучэнняў. Самі вучэнні пройдуць з 10 па 20 лютага. Мяркуецца, што падчас гэтых вучэнняў будуць адпрацаваныя пытанні стрымання і адлюстравання знешняй агрэсіі, а таксама процідзеяння тэрарызму і абароны інтарэсаў Саюзнай дзяржавы.

Дадамо, што С-400 "Трыумф" — зенітная ракетная сістэма вялікай і сярэдняй далёкасці. Яна прызначана для знішчэння ўсіх сучасных і перспектыўных сродкаў паветрана-касмічнага нападу (у тым ліку гіпергукавых). "Вікіпедыя" таксама адзначае, што "Трыумф" — гэта назва экспартнай версіі. Рынкавы кошт аднаго такога дывізіёна складае каля $ 500 млн.

У верасні 2021 года Аляксандр Лукашэнка казаў, што Беларусь плануе купіць у Расіі ўзбраенне на суму больш чым 1 мільярд долараў. Па яго словах, гэтую здзелку ён ужо абмяркоўваў з Уладзімірам Пуціным. І гаворка, адзначыў ён, ішла аб пастаўках С-400, якія плануецца размясціць на мяжы з Украінай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.