Вы тут

Беларуска-расійскія ваенныя вучэнні пройдуць з 10 па 20 лютага

У Беларусь прыбываюць расійскія вайскоўцы і тэхніка / Ваен-ТБ​

На тэрыторыю Беларусі пачалі прыбываць расійскія вайскоўцы і тэхніка, паведамілі ў беларускім Міністэрстве абароны. Як патлумачылі ў ведамстве, "падраздзяленні са складу Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі" прыбываюць у Беларусь "у адпаведнасці з зацверджанай задумай праверкі сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы".

Праверку ў Мінабароны называюць раптоўнай.

"На дадзеным этапе ўдзельнікам праверкі трэба будзе ажыццявіць разгрузку і вырушыць у раён выканання задач", — патлумачыла афіцыйная прадстаўніца Міністэрства абароны Іна Гарбачова.

Другі этап — гэта беларуска-расійскія вучэнні "Саюзная рашучасць — 2022". Вучэнні пройдуць з 10 па 20 лютага, і ў іх будзе задзейнічаны "шэраг вайсковых частак Усходняй ваеннай акругі УС РФ".  У Мінабароны Расіі таксама дадалі, што для ўдзелу ў сумесных вучэннях у Беларусь будуць перабазаваныя "два дывізіёны С-400 і 12 знішчальнікаў Су-35". 

Мяркуецца, што ўдзельнікі вучэнняў будуць вырашаць наступныя задачы: узмацненне мяжы (каб не прапусціць баевікоў і зброю), пошук і знішчэнне незаконных узброеных фарміраванняў і дыверсійна-разведвальных груп праціўніка, а таксама "асобныя пытанні постканфліктнага ўрэгулявання".

Нагадаем, учора Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў і зацвердзіў задуму гэтых вучэнняў. На нарадзе з вайскоўцамі Лукашэнка шмат казаў пра пагрозы з захаду і поўдня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.