Вы тут

Лукашэнка — пра вучэнні на межах з краінамі Балтыі, Польшчай і Украінай

Нарада ў Аляксандра Лукашэнкі, 17 студзеня / president.gov.by

17 студзеня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам Узброеных Сіл. Яму паведамілі пра задуму сумесных аператыўных вучэнняў беларускіх і расійскіх вайскоўцаў, якія атрымалі назву "Саюзная рашучасць-2022" (задуму ён зацвердзіў). Па словах Лукашэнкі, вучэнні будуць праходзіць на межах з краінамі Балтыі, Польшчай і Украінай. Мяркуецца, што яны пачнуцца ў лютым, але дакладнай даты яшчэ няма.

"Дакладную дату вызначайце..., каб нас не папракалі, што мы тут з бухты-барахты нейкія войскі сцягнулі, ледзь не ваяваць збіраемся, цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — ...Гэта павінны быць нармальныя вучэнні па адпрацоўцы пэўнай задумы ў супрацьстаянні з гэтымі сіламі: Захаду (Прыбалтыка і Польшча) і поўдня (Украіна)".

Лукашэнка на нарадзе шмат гаварыў пра пагрозы з захаду і поўдня для яго рэжыму. У суседніх краінах ЕС ён бачыць больш за 30 тысяч вайскоўцаў, сцягнутых да мяжы з Беларуссю (а сярод іх і амерыканскіх), а ва Украіне каля мяжы каля 10 тысяч сілавікоў, у тым ліку "нацыяналістаў-радыкалаў" з Нацгвардыі. Апошнія яго больш турбуюць, чым "натаўскія вайскоўцы".

Як вядома, вайскоўцаў у Польшчы, Літве, Украіне летась сцягвалі да мяжы з Беларуссю з-за міграцыйнага крызісу (трэба было стрымаць мігрантаў, якія нелегальна пераходзілі мяжу сотнямі). А ў яго арганізацыі, як вядома, абвінавачваюць афіцыйны Мінск.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.