Пяскоў: у Крамля няма інфармацыі пра затрыманых у Беларусі грамадзян Расіі

Пяскоў: у Крамля няма інфармацыі пра затрыманых у Беларусі грамадзян Расіі

Крэмль не мае ніякіх звестак ні пра расіян, якія былі на борце самалёта Ryanair, ні пра тое, што кагосьці з іх затрымалі ў Мінску. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў, каментуючы сітуацыю. 

Як адзначае ТАСС, Пяскоў падкрэсліў, што ацэнку гэтаму інцыдэнту павінныя даваць міжнародныя авіяцыйныя ўлады. На пытанне пра расійскіх агентаў на борце пасажырскага самалёта ён адказаў так: "Не, гэта апошняе, што я хацеў бы каментаваць. Мы не валодаем такой інфармацыяй, хто там знаходзіўся, што яны сцвярджаюць. Тут няма ніякіх каментароў".

Журналісты пацікавіліся лёсам грамадзянкі Расіі Сафіі Сапегі. Гэта дзяўчына Рамана Пратасевіча, якую затрымалі разам з ім. "Не, ніякай інфармацыі [аб затрыманні грамадзян РФ] у Крамля няма. Але, зноў жа, па міжнародных нормах, беларускі бок праінфармуе наша пасольства аб затрыманні грамадзянкі Расіі ці грамадзян Расіі і прадаставіць інфармацыю на гэты конт", — адказаў прэс-сакратар Пуціна.

Кампанія Ryanair раней паведаміла, што пасля пасадкі ў Мінску борт пакінулі двое грамадзян Беларусі і чацвёра грамадзян Расіі. Пяскоў заявіў, што Крэмль не мае ніякай інфармацыі на гэты конт і запытваць не плануе: "У нас ёсць авіяцыйныя ўлады, гэта, хутчэй, іх прэрагатыва".

Таксама прэс-сакратар Пуціна дадаў, нібыта Крэмль не можа цікавіцца ў афіцыйнага Мінска лёсам расіян, якія ляцелі самалётам Ryanair. "Пытанне консульскага абслугоўвання расійскіх грамадзян за мяжой з'яўляецца цалкам прэрагатывай Міністэрства замежных спраў. Калі адбываюцца такія затрыманні, то краіна, дзе гэта адбылося, проста абавязаная праінфармаваць расійскае замежнае прадстаўніцтва", — зазначыў ён.

Дарэчы, рэакцыя на затрыманых улетку 2020-га "вагнераўцаў" была зусім іншая: наконт гэтых грамадзян Расіі Аляксандру Лукашэнку тэлефанаваў непасрэдна Уладзімір Пуцін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі