Вы тут

Прыйшлі ў ЦВК падаць пратэст: Ціханоўская пра тое, як яе вывозілі з Беларусі

Святлана Ціханоўская / штаб Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская ў гутарцы з карэспандэнтам New Yorker расказала пра падзеі жніўня 2020 года, калі яна вымушаная была выехаць з Беларусі.

Па словах Ціханоўскай, 10 жніўня яна разам са сваім адвакатам Максімам Знакам прыйшла да выбарчай камісіі, каб падаць пратэст на вынікі выбараў.

"Каля ўвахода яны знайшлі кардон сілавікоў у цёмных касцюмах з аўтаматамі на паясах; двое мужчын чакалі ўнутры. У адным з іх яны пазналі Андрэя Паўлючэнку, вядомага сілавіка, які быў начальнікам службы бяспекі Лукашэнкі", — піша New Yorker.

 

Па словах Ціханоўскай, Знаку тады загадалі адысці, яе ж завялі ў цёмны пакой, дзе Паўлючэнка паведаміў: "Ваша кампанія скончаная".

"Яна ўспамінала, што ёй далі выбар. Яна магла сесці ў турму, пакінуўшы сына і дачку на выхаванне іншым людзям. Ці яна магла неадкладна пакінуць краіну; чакала машына", — пераказвае выданне гутарку з Ціханоўскай.

Сама яна прызнаецца, што ў той момант магла думаць толькі пра сваіх дзяцей. Праз некалькі гадзін двое чыноўнікаў павялі Ціханоўскую да выхада з будынка. Праходзячы міма Максіма Знака, яна сказала: "Прабач, Макс".

Святлана Ціханоўская з пасведчаннем аб рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты / Reuters

Некалькі мужчын вялі Ціханоўскую праз горад, міма натоўпаў пратэстоўцаў, некаторыя скандавалі яе імя. Адзін з яе суправаджальнікаў сказаў: "Паглядзі, што ты нарабіла".

Калі Ціханоўская ў суправаджэнні гэтых неназваных мужчын прыйшла дадому, ёй загадалі збіраць сумку. Туды ж прыехала кіраўніца штаба Марыя Мароз.

 

Выезд з Беларусі

Ціханоўская, Мароз і Паўлючэнка селі ў машыну, якая належыць Марыі Мароз. Міліцэйскія аўто іх суправаджалі.

Прыкладна ў тры гадзіны ночы яны прыбылі на літоўскую мяжу. Паўлючэнка выйшаў з аўто і сказаў ехаць праз памежны пост.

На наступную раніцу ў сеціве з'явіліся два відэа з удзелам Святланы Ціханоўскай. У першым, знятым у Беларусі, яна прасіла пратэстоўцаў разысціся па дамах. Неўзабаве з'явілася другое відэа, у якім яна кажа, што пацярпела паразу, і зноў просіць пратэстоўцаў разысціся. Дзе запісана гэта відэа, невядома.
 

"Грамадзянка Беларусі забылася, што прэзідэнт яе выратаваў"

Раней Аляксандр Лукашэнка агучваў сваю версію тых падзей і запэўніваў, што "грамадзянка Беларусі і хатняя гаспадыня Ціханоўская сёння забылася, што прэзідэнт Беларусі яе выратаваў". З Ціханоўскай, па словах Лукашэнкі, хацелі зрабіць "сакральную ахвяру", пісала БелТА.

Паводле версіі Лукашэнкі, у тыя дні ён выклікаў да сябе познім вечарам старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка, які ў далейшым стане дзяржсакратаром Савета бяспекі. Ён даручыў яму "зняць з вуліц самае баявое падраздзяленне і ўзяць пад кантроль штаб апазіцыі", у якім тады, акрамя ўдзельнікаў кампаніі, знаходзіліся журналісты.

"У так званай ахове Ціханоўскай быў былы супрацоўнік ці то міліцыі, ці то яшчэ нейкі. І ён патэлефанаваў у МУС: яго насцярожыла, што ў адным доме сабралі столькі людзей. <...> Задума была — падпаліць штаб і абвінаваціць уладу".

Па словах Лукашэнкі, Ціханоўская папрасілася на прыём да кіраўніка МУС Юрыя Караева.

"У цэлым просьба была адна: "Калі ласка, перадайце прэзідэнту, я хачу выехаць з Беларусі: будзе бяда". Мы разумелі, што можа быць бяда. І я аддаў распараджэнне: мы пад аховай, па яе жаданні, з людзьмі, пра якіх яна папрасіла, каб яе суправаджалі, вывезлі ў Літву да дзяцей. І калі яна сказала, што ў яе няма грошай, каб там пражыць, я распарадзіўся, і з дзяржпрадпрыемства ўзялі 15 тысяч долараў і аддалі ёй. "Вялікі дзякуй вам", — плакала на шыі. Вывезлі", — расказваў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, з адаптацыяй і пошукам кватэры Ціханоўскай павінна была дапамагчы беларуская амбасада ў Літве, але "яе хутка ўзялі пад кантроль спецслужбы Літвы".

"Усё астатняе вы ведаеце".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.