"Проста страшна становіцца" — Лукашэнка незадаволены беларускімі спартоўцамі

Аляксандр Лукашэнка абмяркоўвае з чыноўнікамі праблемы беларускага спорту / БЕЛТА
Аляксандр Лукашэнка абмяркоўвае з чыноўнікамі праблемы беларускага спорту / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка незадаволены вынікамі выступленняў беларускіх спартсменаў. Асабліва яго расчаравала адсутнасць беларускай зборнай на чэмпіянаце свету па футболе.

"Я нешта, Сяргей Міхайлавіч [Кавальчук, міністр спорту. — Еўрарадыё], не заўважыў там нашых футбалістаў. Ці я проста дрэнна назіраю за чэмпіянатам свету?"цытуе Лукашэнку БЕЛТА. Высветлілася, што ён сочыць за матчамі чэмпіянату і змог ацаніць розніцу ў гульні. "Мне проста страшна становіцца", — рэзюмаваў Лукашэнка.

Кавальчук, відавочна, спрабаваў казаць пра санкцыі і іх уплыў на падрыхтоўку спартсменаў. Лукашэнка гэтыя апраўданні не прыняў. Па яго словах, калі цябе ціснуць, то "аддача яшчэ мацнейшая будзе". "Калі людзі бачаць, што іх несправядліва караюць, яны імкнуцца і паказваюць яшчэ большыя вынікі. У нас гэта ёсць? У нас гэтага няма", — сказаў Лукашэнка. Ён таксама спытаў у міністра, калі беларускія спартсмены будуць прывозіць з алімпіяд 20-30 медалёў. Што адказаў міністр, БЕЛТА не паведамляе.

Лукашэнка таксама пракаментаваў намер Міжнароднага алімпійскага камітэта дапусціць беларускіх спартсменаў на Алімпіяду 2024 года пад нейтральным сцягам. "Тое, што без сімволікі (без сцяга, без гімна і іншага), — гэта кепска. Але гэта не катастрофа. У сапраўднага спартсмена (не тых, якія ў вас збеглі, і хай бягуць туды, яны як тут бегалі, так і там будуць) з сэрца сцяг і гімн не вырвеш", — лічыць Лукашэнка.

Нагадаем, з апошняй зімовай Алімпіяды ў Пекіне беларусы прывезлі ўсяго два сярэбраныя медалі ў біятлоне і фрыстайле. Хоць, да прыкладу, у Сочы ў 2014 годзе атрымалі шэсць узнагарод — пяць залатых і адну бронзавую. Варта адзначыць, што на Алімпіяду ў Пекін не трапіла фрыстайлістка, якая падтрымала пратэсты, шматразовая прызёрка этапаў кубка свету Аляксандра Раманоўская. Быў адхілены ад працы і легендарны трэнер фрыстайлістаў Мікалай Казека. Ён выхаваў чатырох алімпійскіх чэмпіёнаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі