Прэзідэнт не падаваў у пракуратуру за паклёп на сябе ў мульціках

Справу за “паклёп у дачыненні да прэзідэнта” можна ўзбудзіць без удзелу самаго прэзідэнта, бо гэта - справа публічнага абвінавачвання. Па словах следчага мінскай пракуратуры Віктара Шабана справа аб сатырычных мульціках менавіта такая. Тым часам Еўрарадыё высветліла, што старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай мульты паказаў сакратар камісіі, а старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі дакладна ведае, дзе іх знайсці.
***

Як даведалася Еўрарадыё, для таго каб пачаць крымінальную справу “паклёп у дачыненні да прэзідэнта”, удзел самаго прэзідэнта зусім не абавязковы. Па словах следчага мінскай пракуратуры Віктара Шабана, крымінальная справа аб сатырычных мульціках – публічнага абвінавачвання, таму сам Лукашэнка ў пакуратуру можа і не звяртацца:

“Не абавязкова, каб прэзідэнт падаваў у пракуратуру. Ёсць такое паняцце, як прыватна-публічнае абвінавачванне, публічнае абвінавачванне і прыватнае. Дык вось гэтая справа – публічнага абвінавачвання, калі заява пацярпелага неабавязковая”.

Як аказалася, неабавязковая не толькі заява прэзідэнта, але кіраўнік дзяржавы ўвогуле мог нават не бачыць тых мульцікаў. У гэтым выпадку прэзідэнт выступае не як асоба, а як сімвал улады, гаворыць супрацоўнік аддзела па нагляду за следствам Іван Зуй. Дый прэс-сакратар Лукашэнкі Павел Лёгкі пацвердзіў Еўрарадыё, што ў Адміністрацыі прэзідэнта пра мульцікі ніхто размоў не заводзіў:

“Я ў Адміністрацыі прэзідэнта не чуў размоваў пра гэтыя мульцікі, на гэтую тэму. Так, я ведаю, што такія мульцікі існуюць. Чуў, што на гэтай ніве нехта пацярпеў. Але не больш за тое”.

Павел Лёгкі таксама дадаў, што нават калі б прэзідэнт і бачыў мультфільмы, гэта не тое, на што можна пакрыўдзіцца:

“Хто яны такія, стваральнікі гэтых гнюсных мульцікаў, каб прэзідэнт на іх крыўдзіўся, неяк рэагаваў на іх?”

Як даведалася Еўрарадыё, не пакрыўдзіліся і астатнія героі флэшак. Так, старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына пабачыла ў сваім мульт-аналагу дурнаватую цётку. А сама яна, лічыць Лідзія Міхайлаўна, разумная, лагодная, добрая:

Лідзія Ярмошына: “Гэта было дзесьці год таму. Сакратар камісіі проста выйшаў у Інтэрнэт і паказаў. І ўсё. Я збегала, паглядзела, прынамсі тое, што тычылася мяне. Госпадзі, бязглуздзіца ды і ўсё. Глупства. Нічога пазітыўнага я адтуль не вынесла. Але і абражанай сябе таксама не адчула. Бо ліч у, што я разумная, лагодная, добрая. А тая дурнаватая цётка, якая там паказана, ніякіх адносінаў да мяне не мае”.

У старшыні Цэнтрвыбаркаму нават не ўзнікла жадання захаваць сабе гэтыя мульцікі.

Лідзія Ярмошына: “Не. Па-першае, у мяне няма камп’ютара. Ён у сакратара. А па-другое, навошта? Гэта што, з’яўляецца мастацкім творам? Ды крый божа! Навошта пераглядаць гэта? Трэба збіраць толькі добрыя ўражанні і ўспаміны”.

У старшыні Дзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага камп’ютар ёсць. Аднак і ён не захацеў захоўваць сабе мульцікі. І справа не ў тым, што баіцца, проста надта “тупы прадукт”, лічыць чыноўнік.

Аляксандр Зімоўскі: “Паглядзеў – і забыў. Для сябе я іх не запісваў, не архіваваў. Але не баяўся б. Крымінальная справа ідзе за тыражаванне. А калі хтосьці там трымае ў сябе на камп’ютары калекцыю мульцікаў аб палітычных асобах розных краінаў, народаў і часоў, дык што яму за гэта будзе?”

Зімоўскі спампаваў мультфільмы з Інтэрнэту і дакладна ведае, дзе іх знайсці. А вось яшчэ адзін герой мульцікаў вядучы АНТ Вадзім Ялфімаў флэш-відэа не глядзеў і не збіраецца:

Вадзім Ялфімаў: “Не, не бачыў. Вы ведаеце, я не займаюся такой справай, як захаванне мульцікаў. Пародыя – гэта і ёсць пародыя. Я – гэта я. А пародыя – гэта штосьці самастойнае. Я гэтай справы не пачынаў. І думаю, што наўрад ці там з-за мяне ўвесь гэты сыр-бор”.

Нагадаем, крымінальная справа “паклёп у дачыненні да прэзідэнта” была распачатая супраць удзельнікаў праекту “Трэці шлях” у 2005 годзе за распаўсюд сатырычных мультфільмаў у Інтэрнэце. Сёлета 27 сакавіка КДБ правяло ператрусы на офісах і кватэрах журналістаў незалежных СМІ па гэтай жа справе.