Прэзентацыя на Еўрарадыё: трэк №2 з "Числительные/Numerals" ад Drum Ecstasy

Drum Ecstasy прэзентуюць на Еўрарадыё другі трэк новага ЕР "Числительные/Numerals" - "12/8 Palestine".


"Першая назва — "12/8", але windows не прапускае назвы са слэшамі і іншымі азначэннямі, — тлумачыць складаную назву трэку лідар бубначоў Філіп Чмыр. — Таму ў песні з'явілася другая назва: яна была напісаная і адрэпетаваная ў перыяд апошняй палесціна-ізраільскай вайны, і атрымалася нейкай нервовай. І нам падалося, што яе назва — "Palestine".


Цягам двух месяцаў Drum Ecstasy прадставяць на Еўрарадыё ўсе 5 трэкаў свайго новага EP "Числительные/Numerals". Матэрыял міні-альбома быў запісаны год таму і мусіў стаць саўнд-трэкам да кінафільма.


"Калі мы пачалі працаваць з матэрыялам, паглядзелі, што ўсе песні звязаныя нейкім чынам з лічбамі, — распавядае Філіп. — Раз, два, тры, чатыры", "5/4", "12/8", загалоўная песня — "Dise" — гэта кубікі, косці гульнявыя. Таму, назва з'явілася натуральным чынам".


Філіп падкрэслівае, што лічбавая канцэпцыя пласцінкі вымалявалася выпадкова, як выпадкова ўзніклі і канцэрты Drum Ecstasy у пяці гарадах: Маскве, Пецярбургу, Вільні, Кіеве, дзе бубначы падтрымаюць выступы "Ляпіса Трубяцкога", ды Мінску.


Выхад "Числительных" Drum Ecstasy сумясцяць з публікацыяй свайго бэк-каталога на "Яндэкс.Музыка".


Нагадаем, Drum Ecstasy — гэта музыка барабанаў, электрадрылей і электрапіл, гэта жывы індастрыял-рэйв, які на раз зносіць дах і выцягвае на танцпол нават самых гультаяватых заўсёднікаў клубных пляцовак.


Расклад тура:

19.10 — Санкт-Пецярбург, A2 (разам з "Ляпіс Трубяцкой")



20.10 — Санкт-Пецярбург, Fish Fabrique Nouvelle (сольнік)



26.10 — Масква, Stadium Live (разам з "Ляпіс Трубяцкой")



27.10 — Масква, "Китайский лётчик" (сольнік)



31.10 — Мінск, Pub Undergraund (прэзентацыя альбома ў Беларусі)



30.11 — Вільня, Siemens Arena (разам з "Ляпіс Трубяцкой")



30.11 — Вільня (сольнік, месца ўдакладняецца)


07.12. — Кіеў, Stereo Plaza (разам з "Ляпіс Трубяцкой")



07.12 — Кіеў, 44 (сольнік)  



Наступны трэк "Числительных" з'явіцца праз тыдзень.  


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі