“Праз візіт Лукашэнкі працэс падключэння Сербіі да ЕС можа ўскладніцца”

Хоць Сербія і не сябар Еўрасаюза, але візавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў гэтая краіна падтрымала. Тым не менш, 11 чэрвеня неўязны ў краіны ЕС кіраўнік Беларусі прыляцеў у Бялград з афіцыйным візітам.

Ці азначае гэта, што еўрапейскія санкцыі нібыта і ёсць, але пры жаданні на іх можна не зважаць і лёгка абысці? Як гэта ўжо было ў 2009 годзе, калі Аляксандр Лукашэнка наведаў Літву.

“Сербія падтрымала дэкларацыю Еўрасаюза, якой былі ўведзеныя санкцыі супраць Беларусі, але мы іх ніколі не ўжывалі. Нашае нацыянальнае заканадаўства не мае механізмаў для гэтага, наш урад не прымаў на гэты конт адпаведных рашэнняў”, — тлумачыць сітуацыю дарадца прэзідэнта па замежных справах Іван Міркіч сербскаму выданню Blic.

           Кіраўнік Сербіі  Таміслаў Нікаліч і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка

На просьбу журналістаў выдання Danas патлумачыць, як прыезд Лукашэнкі стасуецца з негатыўным стаўленнем Бруселя, Іван Міркіч адзначае:

“Я быў з прэзідэнтам, калі ён наведваў Мінск у мінулым годзе. Майце на ўвазе, што ў Беларусь ён паехаў адразу з Бруселя, проста пасля сустрэчы з Кэтрын Эштан (еўракамісар па замежнай палітыцы ЕС і палітыцы бяспекі — заўв. Еўрарадыё). У Еўрасаюзе адпачатку ведалі, што мы туды едзем і якія адносіны ў нас з Беларуссю. Мы нічога не хавалі. Наша мэта — развіваць найлепшыя адносіны, асабліва ў сферы эканомікі. Не ідзе гаворкі ні пра змены ў палітыцы Сербіі, ні пра стратэгічныя вызначэнні. Пра наведванне Мінска мы дамаўляліся з Бруселем і адпаведнымі інстытуцыямі ЕС. Адпаведна, прэзідэнт Нікаліч не пазваў Лукашэнку, каб пра гэта ніхто не ведаў”.

Міркіч дадае, што для Сербіі не будзе абсалютна ніякіх наступстваў у адносінах з ЕС праз прыезд Лукашэнкі.

З тым, што Сербія, якая пакуль толькі кандыдат на ўваходжанне ў ЕС, фармальна мае права запрашаць у госці каго заўгодна, згодны і былы міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс. А вось у тое, што гэты візіт Бялград узгадняў з Бруселем, палітык не асабліва верыць.

Аўдронюс Ажубаліс: “Я думаю, што яны і не пыталіся. Канечне, няма 100%, але ў прынцыпе, цяпер для Бруселя візіт Лукашэнкі ў Сербію — гэта… ну, вы разумееце”.

І не прымае версіі, што ЕС выкарыстоўвае Бялград, у якога добрыя стасункі з афіцыйным Мінскам, для наладжвання адносінаў з Беларуссю.

Аўдронюс Ажубаліс: “Ну навошта трэба нейкі пасярэднік Еўрасаюзу? Асабліва тая краіна, якая сама яшчэ павінная зрабіць вельмі шмат “хатняй працы” па барацьбе з карупцыяй, па забеспячэнні бізнес-інтарэсаў, па сумленнай канкурэнцыі і гэтак далей. Так што...”

                                            Аўдронюс Ажубаліс

Літоўскага палітыка падтрымлівае славацкі палітолаг, прэзідэнт Славацкага інстытута па сувязях з грамадскасцю Рыгор Мясежнікаў.

Рыгор Мясежнікаў: “Калі б Еўрасаюз спрабаваў нешта змяняць, нешта спрабаваць, то ён бы гэта рабіў не з дапамогай краіны, якая спрабуе ўвайсці ў Еўрасаюз, а з дапамогай свайго сябра — гэта больш надзейна і больш эфектыўна. Я не думаю, што запрашэнне было дасланае са згоды ці ў адпаведнасці з неафіцыйнай пазіцыяй Бруселя: “Давайце паспрабуем гэта зрабіць праз Сербію”. Хутчэй гэта спроба сербскага кіраўніцтва паспрабаваць зрабіць нешта, што потым выкліча нейкія рэакцыі Еўрасаюза. І на падставе гэтых рэакцый будзе вызначаная пазіцыя самой Сербіі, але не Еўрасаюза”.

Дарэчы, Аўдронюс Ажубаліс увогуле здзіўляецца сцверджанню, што сёння адбываюцца спробы весці дыялог паміж афіцыйным Мінскам і Бруселем. Ніякага дыялогу няма, упэўнівае літоўскі палітык. А візіты ў Мінск еўрапейскіх чыноўнікаў ён называе не больш чым спробай Бруселя праверыць, што змянілася ў палітыцы Беларусі.

Аўдронюс Ажубаліс: “Прыязджаюць, каб паглядзець: “Можа, абразуміліся?”

Суразмоўцы Еўрарадыё не падзяляюць упэўненасці дарадцы сербскага прэзідэнта Івана Міркіча, што візіт у Бялград Аляксандра Лукашэнкі нічым не пагражае Сербіі.

Рыгор Мясежнікаў: “Санкцыі былі ўведзеныя невыпадкова — гэта была мера ў адказ на канкрэтныя падзеі, канкрэтную палітыку. Так што можа ўзнікнуць пэўны сумнеў у падрыхтаванасці Сербіі весці ва ўсіх галінах без выключэння лінію, якая характэрная для Еўрасаюза. Могуць працэсы паступовага падключэння Сербіі да ЕС ускладніцца”.

                           Рыгор Мясежнікаў

А ў такім выпадку імаверныя выгады ад эканамічнага супрацоўніцтва Сербіі з Беларуссю не перакрыюць палітычных страт ад візіту ў гэтую краіну беларускага кіраўніка, папярэджвае Аўдронюс Ажубаліс.

Фота: Змітра Лукашука, www.president.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі