Пратэстоўцы ў Кіеве разганялі міліцыянтаў слезацечным газам (відэа анлайн)

Пасля мітынгу на Еўрапейскай плошчы, па выніках якога была прынятая рэзалюцыя “пратэставаць да перамогі”, пратэстоўцы рушылі да Кабінету міністраў. Там іх сустрэлі некалькі сотняў міліцыянтаў са спецпадраздзялення “Беркут”. Усю плошчу ля Кабміну запоўнілі ўдзельнікі акцыі, яны скандавалі “Ганьба!” і спявалі ўкраінскі гімн.





Затым пачаліся сутыкненні мітынгоўцаў з міліцыяй. Спецназаўцы выкарысталі слезацечны газ і дубінкі, але і маніфестанты таксама прымянілі слезацечны газ і пачалі кідаць выбуховыя пакеты. Дзеля абароны спецназаўцы надзелі адгазнікі, перадае УНІАН.





Пратэстоўцам удалося павесіць ля кабміну чырвона-чорны сцяг і сцяг Еўрасаюза. Міліцыя не перашкаджала ім рабіць гэта.





Затым удзельнікі акцыі пачалі паступова разыходзіцца. Актыўныя дзеянні з боку маніфестантаў і міліцыі спыніліся.

Нагадаем, што акцыі пратэсту ва Украіне пачаліся пасля таго, як 21 лістапада урад вырашыў адкласці падпісанне Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Мітынгі адбываюцца не толькі ў Кіеве, але і ў многіх іншых украінскіх гарадах, часам на іх здараюцца сутычкі з праваахоўнікамі.