Вы тут

Павел Латушка стаў дырэктарам Купалаўскага тэатра: "Я вяртаюся ў новае"

Павел Латушка і Мікалай Пінігін / Фота з акаўнта Купалаўскага тэатра ў Фэйсбуку

Былы міністр культуры і амбасадар у Францыі Павел Латушка прызначаны дырэктарам Купалаўскага тэатра. Інфармацыю пра гэта журналістам TUT.by пацвердзілі ў самім тэатры. 

Калектыву тэатра новага дырэктара прадставіў міністр культуры Юрый Бондар, паведамляецца на сайце Купалаўскага. "Можна сказаць, што я вяртаюся, але вяртаюся ў новае", — заявіў Латушка на цырымоніі знаёмства з калектывам. 

Павел Латушка закончыў юрыдычны факультэт БДУ. Таксама вучыўся на факультэце перападрыхтоўкі пры Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.

Пасля вучобы працаваў у Міністэрстве замежных спраў, у тым ліку быў віцэ-консулам і консулам генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку. Потым Латушка быў прэс-сакратаром МЗС, а пасля гэтай пасады быў прызначаны амбасадарам у Польшчы.

З 2009 па 2012 год Латушка займаў пасаду міністра культуры. Пасля гэтага яго адправілі амбасадарам у Францыі.