Пасля хапуна ў Брэсцкі ўніверсітэт прыйшлі міліцыянты з лекцыяй

Міліцыянты на сустрэчы са студэнтамі БрДУ 8 снежня

Міліцыянты на сустрэчы са студэнтамі БрДУ 8 снежня / brsu.by

8 снежня перад студэнтамі Брэцскага дзяржуніверсітэта з лекцыяй выступілі супрацоўнікі Ленінскага РУУС, піша "Зеркало" са словаў аднаго з удзельнікаў сустрэчы.

Як распавядала Еўрарадыё, некалькі дзён таму ва ўніверсітэце адбыліся масавыя затрыманні студэнтаў. Чатырох чалавек пакінулі за кратамі, астатніх адпусцілі.

У сустэчы удзельнічалі тры міліцыянты, у іх ліку — начальнік аддзела ўнутраных спраў Ленінскага РУУС Брэста Дзмітрый Каравякоўскі.

У сваім выступе ён заклікаў слухачоў да крытычнага мыслення і расказаў, што ў 2020 годзе беларусы выходзілі на вуліцы дарма, бо іх падманулі.

"Усё гэта ён параўнаў з фашысцкай Германіяй. Пасля казаў, што не залічвае перыяды гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай да гісторыі Беларусі, бо беларусы ў тыя часы ўвесь час былі халопамі то ў Польшчы, то ў Расіі. А вось у часы ВАВ беларусы здзейснілі подзвіг, партызанілі супраць фашыстаў, і наогул у нас калабарантаў можна было пералічыць па пальцах. Казаў пра 90-я, што ў той час людзі адчулі свабоду. Дадаў, што прапаганда ў "саўку" казала праўду, хаваючы некаторыя моманты, а калі гэта ўсё стала вядома, то лепш бы і не распавядалі", — дзеліцца ўражаннямі слухач.

Іншы супрацоўнік РУУС палохаў студэнтаў тым, што нібыта пакараюць усіх, хто падпісаны на "экстрэмісцкія фармаванні". Таксама ён расказаў пра затрыманні ва ўніверсітэце.

"Паводле яго слоў, прычынай стала тое, што ў чат гістфака, дзе абмяркоўвалі ў тым ліку і вайну, скінулі свастыку, але ніхто не звярнуў на гэта ўвагі. Пасля гэтага ў гэты чат пачалі кідаць БЧБ-сцягі, але ўсім таксама было абыякава. Распавёў, як гэта непрымальна, і дадаў, што ў наш час чаты ў любы момант могуць стаць экстрэмісцкімі. Таму трэба быць акуратнымі і памятаць, што ў кожнага ёсць лічбавы след і што калі "трапіце ў поле зроку", то знойдуць", — кажа слухач. Асаблівы акцэнт гэты міліцыянт рабіў на канале NEXTA.

Трэці супрацоўнік проста папярэдзіў пра адказнасць за наркотыкі, прастытуцыю і педафілію. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі