Студэнт брэсцкага ўніверсітета распавёў пра затрыманні і ператрусы

Сілавікоў зацікавілі студэнцкія чаты (ілюстрацыйнае фота)

Сілавікоў зацікавілі студэнцкія чаты (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com

Студэнт Брэсцкага дзяржуніверсітета імя Пушкіна распавёў @BGazeta пра нядаўнія затрыманні і ператрусы. 1 снежня сілавікі прыйшлі ў галоўны корпус згаданай ВНУ і ў інтэрнат. Раней стала вядома, што за актыўнасць у інтэрнэце затрымалі 15 чалавек.

"Яны відавочна шукалі кампрамат, — кажа студэнт. — ...[Супрацоўнікі КДБ і ГУБАЗіК] з'явіліся спачатку ў галоўны корпус, там, наколькі я ведаю, затрымалі некалькі чалавек з фізмата, а потым, ужо бліжэй да вечара, наляцелі ў інтэрнат. І гэта быў сапраўдны трэш. Яны ўрываліся ў пакоі, патрабавалі ў нас тэлефоны, перагортвалі ўсё дагары дном. У мяне нічога крамольнага не знайшлі, хоць сякая-такая перапіска ў тэлефоне была, але я звычайна выдаляю лішняе і наогул, стараюся максімальна абараняць свае акаўнты. А чацвярых хлопцаў забралі ў ІЧУ, яны дагэтуль, наколькі я ведаю, там знаходзяцца. Ім, па расказах блізкіх сваякоў, шыюць "экстрэмізм".

Хлопец кажа, што студэнты ў сваім чаце абмяркоўвалі вайну ва Украіне, што яна несправядлівая, Уладзіміра Пуціна і Расію называлі агрэсарамі.

"Наколькі мне вядома, там былі і хлопцы, і дзяўчаты, — працягвае аповед студэнт. — Мы ў групах, тым больш на занятках, стараемся пра палітыку не гаварыць. Таму што далёка не ўсе студэнты, тым больш выкладчыкі, гатовыя падтрымліваць гэтую дыскусію, а некаторыя, наадварот, на баку Пуціна і Лукашэнкі. Таму, каб нікога і нічога не правакаваць, студэнты з выразнай грамадзянскай пазіцыяй абмяркоўваюць гэта ў чатах. Але калі першапачаткова, дапусцім, год таму, такія чаты налічвалі максімум па 15-20 чалавек, то сёння ў іх ужо сотні, нават тысячы ўдзельнікаў. З гэтым, на мой погляд, можна звязваць цікавасць да нас з боку сілавікоў і іх лютую актыўнасць".

Сілавікі сцвярджалі, што знайшлі ў чатах "нацысцкую сімволіку". Хлопец сцвярджае, што нічога падобнага не было. Такая сімволіка з'явілася толькі ў дзень прыходу сілавікоў і, відаць, імі ж была апублікаваная. "Абсалютна ясна, чый почырк", — дадае ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі