Партыя БНФ працягвае працаваць у Беларусі. Яна дзейнічае "ў прававым полі як зарэгістраваная структура". Пра гэта ў гутарцы з racyja.com заявіў выканаўца абавязкаў кіраўніка партыі Вадзім Саранчукоў. Сам ён з-за пераследу на радзіме больш за год жыве ў Літве.
Умовы, у якіх існуе Партыя БНФ, Саранчукоў называе складанымі: кіраўнік партыі Рыгор Кастусёў знаходзіцца за кратамі (сёлета асуджаны на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаны палітвязнем), а намесніку старшыні Юрыю Меляшкевічу выставілі абвінавачванне па эканамічным артыкуле.
"Тыя працэдуры, якія прадугледжаныя ўнутраным рэгламентам і беларускім заканадаўствам, усе структуры, якія працавалі ў Беларусі, працуюць па наладжанай схеме сувязяў, таму ў нас няма вялікай праблемы ў разрыве гэтых сувязяў", — кажа Вадзім Саранчукоў.
Як вядома, улады Беларусі рыхтуюць перарэгістрацыю партый. На сённяшні дзень зарэгістраваныя паўтара дзясятка партый, аднак апазіцыйныя структуры пад рознымі падставамі могуць "зачысціць".