У Беларусі партыі, якія не падтрымліваюць курс УНС, прапаноўваецца ліквідаваць

Усе палітычныя партыі Беларусі павінныя будуць прытрымлівацца курсу, які вызначыць Усебеларускі народны сход (УНС). Пра гэта на нарадзе 30 жніўня заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"УНС вызначыць контуры нашай будучыні, тую каляіну, па якой будзе рухацца дзяржава. Прысутнічаць будуць усе. І будзьце добрыя ўсе вось гэтага курсу, які будзе там вызначаны, прытрымлівацца. Сышлі налева, направа — партыя ці грамадскі рух павінны быць ліквідаваны. Толькі так мы можам ўтрымаць краіну ў нейкай каляіне, у нейкіх рамках. Гэта як прапанова ў законапраект", — прыводзіць БЕЛТА ягоныя словы. 

Чым будуць адрознівацца партыі, якія прытрымліваюцца адной лініі? Лукашэнка патлумачыў гэта так: "Вы можаце больш ліберальнымі быць, а вы больш кансерватыўнымі, калі ласка, але курс павінен быць вызначаны". Такім чынам, ніякая легальная апазіцыя будзе проста не дазволеная. 

Разам з тым, паведамдяецца, што дэлегатаў на УНС змогуць вылучаць грамадскія аб'яднанні, якія маюць не менш за 100 тысяч чальцоў, а партыі такога права не атрымаюць. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.