Вы тут

На нарадзе ў Лукашэнкі абмеркавалі перарэгістрацыю ўсіх палітычных партый

Перарэгістрацыя можа стаць "зачысткай" апазіцыйных партый

9 красавіка на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі абмеркавалі перарэгістрацыю ўсіх палітычных партый. Як паведамляе БЕЛТА, прысутнічалі кіраўнікі Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў, Адміністрацыі прэзідэнта, дзяржсакратар Саўбеза і міністр юстыцыі. Лукашэнка заявіў, што перарэгістрацыя партый мусіць адбыцца не пазней за канец 2021 года. Але спачатку трэба прыняць змены ў закон "Аб палітычных партыях", і не нарабіць памылак пры яго падрыхтоўцы.

Пра тое, што будзе праведзена перарэгістрацыя партый (іх 15), было заяўлена пасля прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020-га. Мінюст, на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі, праводзіў іх праверку.

"Мая пазіцыя ў пытаннях партыйнага будаўніцтва засталася нязменнай: не фарсіраваць нічога штучна, але і не тармазіць грамадска-палітычныя працэсы, — гаварыў на нарадзе Лукашэнка. — ....Ніякіх праўладных партый, штучна створаных".

Ён нагадаў сваю старую формулу: "не з левымі, не з правымі — з народам".

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што, як і ў мінулыя гады, цяпер у Беларусі ўзровень даверу людзей да палітычных партый вельмі нізкі. "Мы гэта бачым і абавязкова павінны ўлічваць", — сказаў ён прысутным. Кіраўнік дзяржавы паразважаў пра неабходнасць механізму "ўбудоўвання розных сацыяльных групаў у канструктыўны дыялог".

Далей ён заявіў, што ў беларускага грамадства "практычна няма вопыту існавання ва ўмовах шматпартыйнасці" (і гэта пасля трох дзесяцігоддзяў існавання незалежнай Беларусі!?). Таму трэба ісці "эвалюцыйным шляхам з улікам нашай спецыфікі і нацыянальных інтарэсаў".

Аляксандр Лукашэнка крытычна выказаўся пра партыйную палітычную сістэму ў краінах Захаду: "танны папулізм і брудныя палітычныя тэхналогіі".

"Партыйнае будаўніцтва не павінна, як гэта атрымалася ў некаторых нашых суседзяў, прывесці да з'яўлення кішэнных партый некалькіх алігархаў, якія прасоўваюць свае інтарэсы, — гаварыў Лукашэнка. — Такога ў Беларусі быць не павінна, і я вельмі спадзяюся, што не будзе".

Яшчэ адзін пасыл на нарадзе: прыняў грошы з замежнага фонду — "страціў права займацца палітыкай, прэтэндаваць на дзяржаўныя пасады і выбарныя пасады ў Беларусі". Больш за тое, за гэта могуць ліквідаваць партыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.