Вы тут

Памёр заснавальнік гурта “Князь Мышкін” Леанід Нарушэвіч

Леанід Нарушэвіч / фота з сацыяльных сетак

Пайшоў з жыцця музыка і лідар гурта “Князь Мышкін” Леанід Нарушэвіч. Яму было 55 гадоў. Сябры музыкі не ведаюць дакладнай прычыны смерці, але падазраюць, што справа ў сэрцы.
 
Гурт інтуітыўнай імправізацыі “Князь Мышкін” вядомы з 1991 года. У ім у свой час былі заўважаны ўдзельнікі “Троіцы” Іван Кірчук і Юрый Паўлоўскі, лідар Zartipo Андрэй Іваноў, паэт і музыка Віктар Сямашка. Музыку, якую выконваў калектыў, Нарушэвіч называў музыкай стану, а сябе — архітэктарам.
 
“Іграем усё, што ў галаву прыходзіць, слухаем адно аднаго, атрымліваем ад гэтага задавальненне. З боку гэта, можа быць, глядзіцца дзікавата, але мне, шчыра кажучы, абсалютна ўсё адно. Таму што многае з таго, што глядзіцца з боку дзікавата, і ў іншых атрымліваецца гэтак жа сама... Мы спрабуем наблізіцца бліжэй да прыроды… Мы не лічым сябе нейкімі выдатнымі. Я наогул сябе музыкам не лічу. Я — архітэктар. Таму што музыкант бярэ гітару, і пайшоў "паліваць". Ёсць такія спецыялісты. Нам так, дзе-небудзь у кутку прываліцца...” — распавядаў музыка ў інтэрв’ю Еўрарадыё напярэдадні 20-годдзя “Князя Мышкіна”.
 

Апроч “Князя Мышкіна”, Леанід Нарушэвіч рабіў супольныя праекты са спявачкай Ірэнай Катвіцкай, паэтамі Віктарам Жыбулем, Верай Бурлак, Змітром Строцавым. У апошні час Леанід выпусціў некалькі альбомаў з музыкам Уладам Бубенам і паэтам Алесем Плоткам у межах праекта Buben Naruszewicz Baisan.