Паміж Воршай, Віцебскам і Смаленскам вярнулі электрычкі, але пасажырам нязручна
Пра людзей падумалі ў апошнюю чаргу / РЖД
3 красавіка 2026 года паміж Воршай, Віцебскам і Смаленскам аднавіліся пасажырскія перавозкі прыгараднымі цягнікамі. Але пасля тыдня эксплуатацыі маршруту ў пасажыраў узнікла мноства пытанняў. Пра гэта піша Blizko.by.
Прамыя электрычкі паміж прыгранічнымі гарадамі вярнуліся пасля іх адмены ў 2013 годзе. Цяпер цягнікі зноў ходзяць наўпрост, аднак разам з гэтым з раскладу зніклі стыковачныя маршруты праз Асінаўку і Заольшу, што ўжо стварыла цяжкасці для часткі пасажыраў.
Адной з галоўных праблем стаў расклад. Фармальна ён складзены з улікам перасадак на іншыя цягнікі, аднак на практыцы гэта працуе не заўсёды. У шэрагу выпадкаў электрычкі з Мінска прыбываюць у Воршу праз некалькі хвілін пасля адпраўлення цягніка ў Смаленск.
У выніку пасажыры не паспяваюць на перасадку і вымушаны альбо чакаць некалькі гадзін, альбо выбіраць даражэйшыя варыянты паездкі.
Аналагічная сітуацыя ўзнікае і пры вяртанні: вячэрнія электрычкі са Смаленска прыбываюць у Воршу ўжо пасля адпраўлення цягнікоў на Мінск, і пасажырам даводзіцца шукаць альтэрнатывы.
Акрамя таго, новыя цягнікі ідуць без прыпынкаў на некаторых прыгранічных станцыях, у прыватнасці ў Асінаўцы. Гэта фактычна пазбавіла мясцовых жыхароў звыклага злучэння з бліжэйшымі расійскімі станцыямі, такімі як Краснае.
Калі раней можна было дабрацца без перасадак, то цяпер даводзіцца ехаць праз Воршу, што павялічвае час у дарозе і робіць паездкі менш зручнымі.
Не да канца вырашана і пытанне з білетамі. Праз тыдзень пасля запуску на сайтах Беларускай чыгункі і РЖД па-ранейшаму адсутнічае магчымасць нармальна паглядзець расклад і купіць білеты.
Сістэмы альбо не паказваюць цягнікі, альбо паведамляюць пра адсутнасць месцаў або неадкрытыя продажы. Фактычна пасажыры пазбаўлены зручнага анлайн-сэрвісу і вымушаны шукаць інфармацыю іншымі спосабамі.